Ён выйграў выбары, набраўшы каля 80% галасоў, паведамляе ТАСС. Перамога была здабытая ў першым туры, другога туру не плянавалася. Яшчэ перад выбарамі Дэбі заявіў, што ён іх дакладна выйграе. Дэбі зьбіраўся працягнуць сваё 30-гадовае кіраваньне яшчэ на шэсьць гадоў.
Празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня вынікаў прыйшла навіна, што Ідрыс Дэбі Ітно памёр ад ранаў, якія атрымаў падчас баявых дзеяньняў супраць паўстанцаў, паведаміла Agence France Press (AFP). Паводле «РИА Новости», ён прыяжджаў на фронт сьвяткаваць перамогу над паўстанцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі Пуцін з Лукашэнкам. Прэзыдэнт Чаду шосты раз ідзе на выбары. Хто яшчэ дзесяцігодзьдзямі пануе ў Афрыцы?Раней заяўляліся паведамленьні, што на сталіцу Нджамэну з поўначы ідуць атрады паўстанцаў, некаторыя амбасады эвакуавалі сем’і дыпляматаў.
Ідрыс Дэбі Ітно прыйшоў да ўлады ў выніку ўзброенага паўстаньня і дзяржаўнага перавароту ў 1990 годзе. З тых часоў ён выйграваў усе выбары. Тры гады таму парлямэнт Рэспублікі Чад «абнуліў» папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны. Гэта дазволіла Ідрысу Дэбі зноў законна балятавацца ў прэзыдэнты. Згодна з новай Канстытуцыяй, ён мог застацца ва ўладзе яшчэ два шасьцігадовыя тэрміны, да 2033 году.