Менскі суд не вярнуў Людміле Казак адвакацкую ліцэнзію

Людміла Казак падчас судовага працэсу, 25 верасьня 2020

У судзе Маскоўскага раёну Менска адбылося асноўнае пасяджэньне па справе, у якой Людміла Казак аспрэчвала рашэньне Міністэрства юстыцыі аб спыненьні дзеяньня спэцыяльнага дазволу на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці.

Судзьдзя Вольга Гусакова адмовіла пазоўніцы ў задавальненьні скаргі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Летась 24 верасьня супрацоўнікі міліцыі выкралі Людмілу Казак у цэнтры сталіцы. Пасьля ночы ў ізалятары судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менска Аляксандар Рудэнка вынес рашэньне, якім прызнаў адвакатку вінаватай у непадпарадкаваньні пры затрыманьні і аштрафаваў на 675 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адвакаткі Марыі Калесьнікавай і яшчэ трох адвакатаў забралі ліцэнзіі

Сёлета 20 студзеня пасьля ўступленьня судовай пастановы ў сілу дысцыплінарная камісія Менскай калегіі адвакатаў прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасьці ў выглядзе «заўвагі».

19 лютага кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі вырашыла спыніць дзеяньне яе ліцэнзіі ў сувязі з «грубым парушэньнем заканадаўства». Такім парушэньнем палічылі прыцягненьне Людмілы Казак да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 23.4 КаАП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Зікрацкі прадаў карціну, каб разьлічыцца з супрацоўнікамі

24 лютага дзеяньне ліцэнзіі спынілі, нягледзячы на тое, што скарга на пастанову па адміністрацыйнай справе яшчэ не была разгледжана Вярхоўным судом.

У гэтым зьвязку Людміла Казак прасіла прызнаць рашэньне Міністэрства юстыцыі неправамерным і абавязаць дзяржорган ліквідаваць парушэньне праз аднаўленьне адвакацкай ліцэнзіі. Суд яе патрабаваньне не падтрымаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дысцыплінарная камісія вынесла адвакату Бабарыкі і Знака Лаеўскаму вымову. За што — не сказалі

Да забароны на прафэсію Людміла Казак прадстаўляла інтарэсы палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай. Аналягічны лёс напаткаў і многіх іншых адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах.