За шпацыр на Дзень Волі ў бел-чырвона-белай вопратцы жанчыну аштрафавалі на 2610 рублёў. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці жанчын пад бел-чырвона-белымі парасонамі

Затрыманьне 42-гадовай Ірыны Бянькоўскай 25 сакавіка трапіла на відэа відавочцаў: яна проста ішла па вуліцы адна, калі да яе пад'ехаў мікрааўтобус, адкуль выскачылі двое сілавікоў і затрымалі яе, паведамляюць праваабаронцы.

Пасьля затрыманьня Ірыну Бянькоўскую даставілі ў Кастрычніцкі РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаваньне, а пазьней адпусьцілі дадому.

12 красавіка Бянькоўская прыйшла ў суд па позьве, дзе яе справу разгледзела судзьдзя Вольга Няборская. На судзе дапыталі і сьведку-міліцыянта, які пераконваў, што «Бянькоўская ўзяла ўдзел у мітынгу, знаходзячыся ў групе людзей і выказвала сваё стаўленьне да дзейнай улады».

У выніку, выслухаўшы Бянькоўскую, судзьдзя Няборская прызнала жанчыну вінаватай і прысудзіла ёй 2610 рублёў штрафу (90 базавых).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: За Дзень Волі ўжо асудзілі 150 чалавек на 2499 сутак