У Варшаве адбыліся сутыкненьні ў гадавіну авіякатастрофы пад Смаленскам. ФОТА

Варшава, 10 красавіка

У Варшаве ў суботу адбыліся сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй падчас памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 11-й гадавіны гібелі ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага, інфармуе TVN24.

Дэманстранты пачалі зьбірацца ў суботу раніцай у парку каля плошчы Юзэфа Пілсудскага, дзе ўсталяваны помнік загінулым. Звычайна там афіцыйныя асобы ўскладаюць кветкі і запальваюць сьвечкі ў гадавіну трагедыі.

Некаторыя з дэманстрантаў былі са сьцягамі з лягатыпам «Страйкі прадпрымальнікаў», сьцягамі ў нацыянальных колерах і з жоўтымі цюльпанамі, перавязанымі чорнымі стужкамі. Некалькі чалавек па чарзе вазілі тачку з лялькай, на галаве якой была фатаграфія Яраслава Качынскага.

Удзельнікі акцыі выкрыквалі антыўрадавыя лёзунгі накшталт «Далоў дыктатарскую качку», кідалі дымавыя шашкі і пэтарды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча лічыць выбух прычынай крушэньня самалёта Качыньскага пад Смаленскам

Паліцыя не дазволіла пратэстоўцам увайсьці на плошчу Пілсудзкага і сарваць афіцыйныя ўрачыстасьці. Уваходы ахоўвалі буйныя сілы паліцыі, у парку стаялі конныя патрулі. Пазьней адбыліся сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, некалькі чалавек былі затрыманыя.

Пракуратура Польшчы паведаміла аб працягу расьсьледаваньня Смаленскай катастрофы, у якой загінуў прэзыдэнт Лех Качынскі, да 31 сьнежня 2021 году.

За год да таго ў адказ на пытаньне журналістаў пракуратура паведаміла, што расьсьледаваньне знаходзіцца на вырашальным этапе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эксгумацыя ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам: у некаторых трунах — сьмецьце, недакуркі, органы іншых людзей

Катастрофа пад Смаленскам адбылася 10 красавіка 2010 году непадалёк ад аэрадрому «Паўночны». Польскі ўрадавы самалёт Ту-154 каля разьбіўся ў дрэнных умовах надвор’я.

У катастрофе загінула 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качынскі. Польская дэлегацыя накіроўвалася на мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны Катынскай трагедыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 гадоў таму пад Смаленскам разьбіўся самалёт прэзыдэнта Польшчы Качыньскага