«Помста за іншадумства». Мастакі суполкі «Пагоня» выступілі ў падтрымку зьняволенага Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін, архіўнае фота

Сябры мастацкай суполкі «Пагоня» выступілі са зваротам у абарону свайго калегі Алеся Пушкіна. Ад 30 сакавіка ён знаходзіцца пад вартай у горадзенскім ізалятары і абвінавачаны ў «распальваньні варожасьці» сваёй творчасьцю.

Падставай для крымінальнай справы стала карціна мастака, прысьвечаная ўдзельніку антысавецкага паваеннага партызанскага падпольля Яўгену Жыхару. У сярэдзіне сакавіка праца экспанавалася на выставе ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Яўген Жыхар, за партрэт якога завялі крымінальную справу. І што ня так са справай

«Мы, сябры творчага аб’яднаньня „Пагоня“, абураныя затрыманьнем нашага паплечніка, вядомага мастака Алеся Пушкіна. Гэта таленавіты творца, які зрабіў істотны ўнёсак у разьвіцьцё культуры і мастацтва Беларусі. Ім напісаныя дзясяткі жывапісных твораў, прысьвечаных роднай зямлі, яе гісторыі. Ён выканаў росьпісы шэрагу праваслаўных і каталіцкіх храмаў, удзельнічаў у рэстаўрацыі касьцёла Сьвятога Станіслава ў Магілёве і стварэньні там вялікага жывапіснага пано. Так, мастак вядомы сваёй нонканфармісцкай грамадзянскай пазыцыяй, але хіба іншадумства — гэта нагода да крымінальнай справы?»— задаюцца пытаньнем аўтары ліста.

Яны лічаць, што перасьлед Алеся Пушкіна сьведчыць пра тое, што ў Беларусі перастала дзейнічаць фундамэнтальнае гуманітарнае права — права на творчасьць, канстатуюць калегі мастака.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Алесь Пушкін да суду застанецца пад вартай. Яму пагражае да 12 год турмы

«Ну дык тады трэба завочна прыцягваць да адказнасьці і забараняць творы пралетарскага пісьменьніка Максіма Горкага, якія вывучаюцца ў нашых школах і ВНУ. У сваім рамане „Маці“ клясык сацрэалізму апявае „экстрэміста“, змагара з законнай расейскай уладай... Мы лічым нагоду, агучаную для крымінальнай справы супраць Алеся Пушкіна, незаконнай. Ягонае зьняволеньне груба парушае канстытуцыйныя правы грамадзяніна, чалавека, творцы. Патрабуем спыніць перасьлед нашага паплечніка, які ўспрымаем помстай уладаў за яго іншадумства, незалежную грамадзянскую пазыцыю», — адзначаецца ў заяве суполкі «Пагоня».

Напярэдадні беларускія праваабаронцы прызналі Алеся Пушкіна палітычным зьняволеным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака Алеся Пушкіна прызналі палітвязьнем, усяго такіх ў Беларусі ўжо 323