Дырэктару і юрысту Офіса па правах людзей з інваліднасьцю працягнулі меру стрыманьня

Прэзэнтацыя Офіса па правах людзей з інваліднасьцю, архіўнае фота

Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму працягнулі меру стрыманьня на два месяцы. Першы пад хатнім арыштам, другі — у СІЗА №1 Менску.

Як нагадвае Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend , праваабаронцы прызналі Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разьдзелі дагала. Прамацалі, празванілі ўсё, што можна». Юрыст расказаў пра зьдзекі ў ДФР. ВІДЭА

21 студзеня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пачаў праверку ў дачыненьні да службовых асобаў Офіса па правах людзей з інваліднасьцю. Падстава — «магчымае неправамернае завалоданьне грашовымі сродкамі, атрыманымі ў выглядзе дабрачынных унёскаў».

У офісе арганізацыі прайшоў ператрус, канфіскавалі ўсю кампутарную тэхніку. Драздоўскага, Граблеўскага і бухгальтара адвезьлі «для дачы тлумачэньняў». Старшыня і юрыст пазьней сталі падазраванымі ў крымінальнай справе, іх затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша дзейнасьць блякаваная». Што адбываецца ў «Офісе правоў людзей з інваліднасьцю» пасьля ператрусаў

Офіс па правах людзей з інваліднасьцю займаецца асьветніцкай дзейнасьцю, робіць экспэртныя заключэньні ў прававых пытаньнях і прапануе ініцыятывы дзеля ўдасканаленьня нацыянальнага права.