На навабудзе Dana Holding у комплексе «Менск Сьвет» абарвалася мантажная люлька. Адзін будаўнік загінуў

Раён забудовы жылога комплексу «Менск Сьвет».

Інцыдэнт адбыўся звонку 25-павярховага дому «Стамбул» на вуліцы Аэрадромнай. Забудовай займаецца сэрбская кампанія Dana Holding.

Як паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацый, ад відавочцы паступіла інфармацыя пра падзеньне чалавека з падвеснай будаўнічай люлькі на ўзроўні 17 паверху.

«Знойдзены чалавек без прыкметаў жыцьця на зямлі і віслая будаўнічая люлька на адным тросе. Трагедыя здарылася каля 12.20 на тэрыторыі шматфункцыянальнага комплексу пры ўстаноўцы дэкаратыўных элемэнтаў у 25-ці павярховым доме. Працы праводзілі двое падсобных рабочых. Аднаго з нахіленай люлькі вынялі калегі да прыезду ратавальнікаў. Ён не пацярпеў. Пасьля агляду брыгадай хуткай дапамогі другога чалавека была канстатаваная яго сьмерць», — паведамілі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі»? У топе буйных забудоўнікаў і бізнэсоўцы, блізкія да Лукашэнкі

У Сьледчым камітэце ўдакладнілі, што сьмяротна траўмаванаму рабочаму было 25 гадоў.

«У выніку падзеньня мужчына атрымаў цялесныя пашкоджаньні, ад якіх памёр на месцы. Сьледча-апэратыўная група праводзіць агляд месца, адбіраецца дакумэнтацыя ў ахове працы і тэхніцы бясьпекі. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза. Усе абставіны надзвычайнага здарэньня высьвятляюцца», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Браты Карычы і прэмʼеры Беларусі й Сэрбіі не пачулі падманутых дольнікаў «Маяка Менску»

Будаўнічыя працы ў комплексе «Менск Сьвет» на месцы старога гарадзкога аэрапорту вядзе кампанія Dana Holding, якой валодаюць набліжаныя да Лукашэнкі браты-бізнэсоўцы Карычы з Сэрбіі.