«Гэта пра беларускі боль». Рэжысэр Аляксей Палуян пра фільм «Сьмеласьць», які зафіксаваў беларускі пратэст

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

Рэжысэр Аляксей Палуян расказвае пра свой новы фільм «Сьмеласьць» («Courage»), прысьвечаны пратэсту і болю, які цягнецца ў Беларусі больш за 26 гадоў.

5 сакавіка адбылася сусьветная прэм’ера «Сьмеласьці» на Бэрлінскім кінафэстывалі. Дакумэнтальны фільм Аляксея Палуяна выклікаў вялікі рэзананс і вярнуў Беларусь на першыя палосы сусьветных мэдыя.

Таксама пра фільм напісалі галоўныя кінавыданьні сьвету — Variety і ScreenDaily.

«Свабодны тэатар для мяне быў арыенцірам»

Ідэя фільму ўзьнікла, калі Аляксей трапіў на спэктакль у Свабодны тэатар.

«Ніколі не забудуся тое адчуваньне. Гэта быў спэктакль «Менск-2011», яшчэ старая «хатка» на Бангалор. Па-першае, не чакаў, што можна на такія глыбокія і балючыя тэмы, пра якія ніхто дагэтуль ня меў мужнасьці гаварыць, выказвацца так ярка, выкарыстоўваючы мінімальныя сродкі. На мой погляд, гэта і ёсьць адзнака вялікай якасьці мастацтва. Тады Свабодны тэатар для мяне быў арыенцірам. Я памятаю, як я сядзеў на той драўлянай падлозе і думаў: «Штосьці трэба абавязкова зрабіць», — кажа рэжысэр Аляксей Палуян.

Аляксей Палуян

Тады, запэўнівае рэжысэр, быўшы студэнтам БДУІРу, ня меў абсалютна ніякай думкі, што будзе калісьці вучыцца кінамастацтву ў Нямеччыне. Але гэта быў першы імпульс неяк расказаць пра гэтых людзей.

У 2018 годзе, пасьля працы над фільмам «Возера радасьці», Аляксей расказаў пра ідэю зьняць дакумэнтальны фільм актору Дзянісу Тарасенку.

Дзяніс Тарасенка ў фільме «Сьмеласьць»

«Дзяніс для мяне — адзін з найвыдатнейшых, моцных беларускіх актораў, у яго велізарны талент. І вось супрацоўніцтва зь ім падчас „Возера радасьці“ яшчэ раз мне расплюшчыла вочы і сказала: „Так, вось гэта час, паспрабуй“. Мы паразмаўлялі, а ён кажа: „Ты што, хоць зараз“», — сьмяецца Аляксей.

Восеньню 2018-га рэжысэр пазнаёміўся больш шчыльна з астатнімі героямі — Паўлам Гарадніцкім і Марынай Якубовіч. А ўжо ў сьнежні пачаў здымаць «Сьмеласьць». Аляксей прызнаецца, што першапачаткова быў з акторамі адзін з камэрай, без апэратара.

«Як калісьці мне сказала мая прафэсарка: «Здымаць героя ў дакумэнтальным кіно — гэта справа вельмі далікатная, як здымаць героя „без штаноў“. Гэты мэтафарычны выраз вельмі дакладны. Было складана, таму што фільм пра актораў. Нават калі і не здымаеш, проста размаўляеш, у іх ужо такія тэхнікі, такія ўстаноўкі жыцьцёвыя, што яны заўсёды павінны выглядаць вельмі добра. Яны самі гэтага не заўважаюць, але так яно і ёсьць. Вядома, патрэбен пэўны час, каб яны прызвычаіліся да камэры».

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

Аляксей адзначае, што захацеў расказаць пра Дзяніса, Паўла і Марыну, бо яны вельмі моцныя акторы, якія сумленна ставяцца да сваёй прафэсіі.

«Яны стаяць за сваімі прынцыпамі. Яны сваю прафэсію не выкарыстоўваюць дзеля чагосьці. Мне здаецца, вось гэтая камбінацыя сумленнасьці і шчырасьці — тое, што мне падабаецца ў акторах, з такімі я спрабую працаваць, — тлумачыць Аляксей. — Мне складана працаваць з акторамі з патасам, у мяне зь імі канфлікты і даводзіцца іх „ламаць“, і гэта нецікава ім. Марына, Дзяніс і Паша — складаныя людзі ўнутры. Калі зь імі працуеш, адчуваеш, наколькі яны глыбокія. Магчыма, гэта, як і спэктакль, які зь мінімальным выкарыстаньнем сродкаў можа падымаць вялікія, комплексныя тэмы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмеласьць – баяцца, але працягваць, нягледзячы на страх». На Бэрлінале — прэм'ера фільму «Courage» пра беларускія пратэсты. ВІДЭА

«Фільм бязь сьлёз нерэальна будзе паглядзець»

Фільм Аляксея Палуяна ня толькі пра падзеі лета 2020-га. Героі ў фільме, кажа рэжысэр, — гэта вобразы беларусаў, дзякуючы якім і зь якімі мы перажываем усе падзеі.

«Па-першае, ён пра беларускі боль. Беларусам будзе складана глядзець. Гэты фільм бязь сьлёз нерэальна паглядзець... нават і мужчынам. Беларускі глядач разумее кантэкст, ён разумее, што гэты боль цягнецца ўжо 26 гадоў, амаль 27. Але калі паказваеш фільм альбо гаворыш з заходнім эўрапейцам, які недастаткова валодае беларускім кантэкстам, ён усё ж такі не разумее гэтага».

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

Рэжысэр упэўнены, што фільм бязь леташніх падзей не спрацаваў бы.

«Ён быў бы не настолькі балючым. Гэтае лета садрала зь беларусаў слой, да якога мы прывыклі. Назавем яго „лібэральнай вітрынай“, якую нам прадавалі апошніх пяць або восем гадоў. Нам быццам бы нешта дазвалялі, і мы рэальна на гэта неяк купіліся, прызвычаіліся так жыць. А гэты „лібэральны слой“ цяпер разадраны, як у чалавека скура, такімі шматкамі».

Для Аляксея было вельмі важна паказаць сьвету, што такая несправядлівасьць і гвалт адбываюцца ў Беларусі вельмі доўгі час.

«Калі ты бачыш, як героі пасьля пекла ў жніўні ідуць у тэатар іграць далей, то разумееш, што гэта цягнецца ўжо 26 гадоў. Гэта пэрманэнтная барацьба са сваім страхам, і вельмі цікава, што ня ўсе могуць з гэтым страхам ужывацца. У фільме зразумела, што людзі не гатовыя. І ў гэтым і ёсьць каштоўнасьць фільма, што ён не патэтычна крычыць: «Мужнасьць, сьмеласьць — гэта толькі тыя, хто ідуць на рубеж, ірвуцца». Не... Гэта і тыя, якія кажуць: «Не, ня змог, але спрабаваў». І ў гэтым ёсьць мужнасьць чалавека, што ён здолеў так сказаць.

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

«Беларусы — нацыя, якая не адпрацавала сваю вялікую траўму»

Страх зьядае мастака, зьядае любога чалавека, кажа Аляксей. Рэжысэр не жыве пастаянна ў Менску і кажа, быццам часова губляе гэтую «беларускую нэрву». Але прызнаецца, што, дзякуючы назіраньню з дыстанцыі, можа адчуць і асэнсаваць увесь боль і страх.

«Мне здаецца, што беларусы — нацыя, якая не адпрацавала сваю вялікую траўму. Я кажу пра траўму Другой сусьветнай вайны і пра траўму сталінскіх рэпрэсій. Я ня ведаю іншай нацыі ў Эўропе, якая б праз столькі прайшла, праз гэтулькі болю. Гэты боль быў абсалютна не прапрацаваны ў савецкім часе. З нас зрабілі нейкіх герояў, кшталту „ўсё ж такі яны выжылі, кожны трэці, але выжылі“. Але гэта не дапамагае. І пасьля вось гэтай неадпрацаванай трагедыі мы цяпер маем іншую — 26 гадоў жыцьця ў пастаянным велізарным болі, які ўзьдзейнічае на нас усіх, — мяркуе Аляксей. — Мы выпрацавалі імунітэт. Я не магу назваць іншых эўрапейцаў, якія б змаглі ў такіх умовах выжываць, як беларусы».

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

«Я разумеў, што неўзабаве будзе абсалютнае пекла»

Ужо ранкам 9-га жніўня 2020-га ў яго зьніклі ўсе ілюзіі, што будзе нешта добрае, кажа рэжысэр.

«Я ня памятаў Менск у такім стане. Быццам, як у народзе кажуць, нейкія сякеры віселі ў паветры, — расказвае ён. — Мы едзем праспэктам, праяжджаем парк за Купалаўскім тэатрам і бачым вайсковыя „ЗІЛы“, напоўненыя гэтымі рэкрутамі, гэтымі маладымі салдатамі, і каля іх стаяць афіцэры з аўчаркамі. Ведаеце, гэта нейкая мэтафара, што ўсе чакалі нейкай каманды, як і тыя сабакі, якія ўжо былі гатовыя проста разрываць. У мяне дасюль стаіць гэты момант перад вачыма. І тады я разумеў, што неўзабаве будзе абсалютнае пекла, што будуць проста скінутыя ўсе сабакі на нашых беларусаў».

Аляксей у верасьні адляцеў у Нямеччыну «ратаваць» адзьнятыя матэрыялы. Тады сытуацыя была такая ж жорсткая, як і цяпер, толькі ў людзей была эўфарыя.

«Не хочацца рабіць фільм, які дае наіўныя спадзяваньні людзям, і яны будуць ствараць няправільныя ілюзіі. Для мяне было важна расказаць пра гэты боль, расказаць пра беларусаў сёньняшніх».

Падчас здымак каманда пастаянна рызыкавала ня толькі свабодай, але і жыцьцём. Аляксей ня можа расказаць падрабязнасьці — дзеля бясьпекі ўсіх, хто ўдзельнічаў у стварэньні фільму.

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

У сваім фільме Аляксей пабудаваў два ўзроўні: андэрграўнд (падземны) і апграўнд (наземны).

Андэрграўнд — гэта той узровень, у якім жыве незалежнае беларускае асяродзьдзе, ня толькі мастацкае. Гэта і сцэны тэатру, і станцыі мэтро, дзе граюць музыкі. Гэты ўзровень вельмі жывы ў параўнаньні зь іншым, тлумачыць рэжысэр. У апграўндзе знаходзіцца тая самая «лібэральная вітрына», якую гадамі будавала кіраўніцтва краіны, і гэтае асяродзьдзе вельмі нежывое, статычнае і панурае, кажа Аляксей.

«Для мяне было важна паказаць трансфармацыю, як мастакі на ўзроўні андэрграўнду гутараць на тэмы, якія дзякуючы спэктаклю пераходзяць у галовы людзям. І тыя пачынаюць разважаць, што і здарылася гэтым летам. Вось гэтая трансфармацыя: думкі, якія былі на андэрграўндзе, перайшлі на апграўнд дзякуючы пратэстам. Людзі здолелі з кухняў сваіх, чацікаў, з гэтага андэрграўнду перайсьці на вуліцы».

Таксама фільм створаны так, каб кожны глядач адчуў «эмацыйныя арэлі», якія перажывалі беларусы.

«Кожны з нас прачынаўся з надзеяй і да вечара праходзіў усе колы гэтых эмацыйных хваляў. Для мяне гэта было вельмі важна, бо дзякуючы гэтаму і жыве кінэматограф, бо гэта ўвесь час нейкае разьвіцьцё ўверх-уніз, як у жыцьці. Як нашыя героі таксама: хтосьці не асьмельваецца выйсьці на дэманстрацыю, а ў канцы фільма выходзіць; нехта ня можа выйсьці са сваіх гаражоў, а ў канцы ўсё ж выходзіць».

Кадар зь фільму «Сьмеласьць»

«Фільм задае пытаньне кожнаму ў сьвеце: а што б ты зрабіў?»

Рэжысэр кажа, што «Сьмеласьць» важная як пераасэнсаваньне таго, што адбываецца, у мастацкай форме. Гэты матэрыял пра траўматычны досьвед Беларусі ў найбліжэйшым часе пакажуць па ўсім сьвеце, на найбуйнейшых кінафэстывалях.

«Увесну мы робім вялікую інфармацыйную хвалю. І гэта вельмі важна, таму што беларусы сёньня ня могуць ні пра што гаварыць, ім абсалютна закрылі рот. А зь фільмам мы зараз адкрываем гэты рот — у той ступені, як мы можам», — тлумачыць рэжысэр.

Аляксей Палуян кажа, што гэты фільм — ня толькі думка аўтара, але і пытаньне да гледача.

«Я хачу спытаць у шатляндца, партугальца або канадца: што б зрабіў ён, калі б 9-га вечарам атрымаў такія вынікі, ці выйшаў бы на вуліцу? Ці выйшаў бы 10-га? Ці запытацца ў кітайца — што б ён зрабіў? Фільм задае гэтыя пытаньні кожнаму ў сьвеце».