Міністэрства абароны прызаве 1000 чалавек з запасу. Шрайбман і Сівіцкі ўжо служаць

Вайсковыя вучэньні, ілюстрацыйнае фота

9 сакавіка пачаўся другі этап комплекснай праверкі баяздольнасьці вайсковых злучэньняў. З запасу прызавуць каля 1000 чалавек.

«У рамках праверкі будзе ажыцьцяўляцца мабілізацыя з вайсковых камісарыятаў, камплектаваньне спэцыяльнай тэхнікай, якая знаходзіцца на працяглым захоўваньні, атрыманьне матэрыяльных сродкаў са складоў і базаў», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Міністэрства абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітыка Шрайбмана і палітоляга Сівіцкага забралі ў «партызаны»

Раней паведамлялася, што на зборы выклікалі некаторых вядомых «запасьнікоў». Сярод іх палітычны аналітык Арцём Шрайбман і палітоляг Арсень Сівіцкі. Амаль месяц яны правядуць у войску.

«Праверка дазволіць вызначыць узровень зладжанасьці органаў кіраваньня, здольнасьць камандзіраў кіраваць падначаленымі ў розных умовах, а таксама выконваць пастаўленыя задачы ў складаным становішчы. Завершыцца праверка тактычнымі вучэньнямі», — падсумавалі ў абаронным ведамстве.