Папа Рымскі ў Іраку абмеркаваў праблему бясьпекі хрысьціянаў

Сустрэча папы рымскага Францішка зь вялікім аяталом Алі ас-Сістані

Папа Францішак абмеркаваў праблему бясьпекі хрысьціянскай меншасьці ў Іраку з адным з самых уплывовых дзеячаў шыіцкага ісламу падчас знакавай паездкі ў краіну.

Папа Рымскі Францішак у другі дзень свайго візыту ў Ірак сустрэўся з самай уплывовай духоўнай асобай іракскіх шыітаў — вялікім аяталом Алі ас-Сістані.

Як паведамляе ВВС, 90-гадовы аятала прыняў пантыфіка ў сваім доме ў Наджафе.

Як і многія іншыя супольнасьці ў Іраку, на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў хрысьціяне спазналі хвалі гвалту. Асабліва ўзмацніліся напады і тэракты з боку радыкальных ісламістаў пасьля уварваньня ЗША ў Ірак у 2003 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі праўда зробіць нас свабоднымі». У менскай катэдры прайшла разьвітальная імша мітрапаліта Кандрусевіча


Прадстаўнік вялікага аяталы Алі ас-Сістані, духоўнага лідэра мільёнаў мусульман-шыітаў, заявіў, што на перамовах асаблівая ўвага была нададзеная міру.

Падчас сустрэчы, якая доўжылася каля 50 хвілінаў і праходзіла без санітарных масак, аятала ас-Сістані заявіў, што хрысьціяне ў Іраку «павінны жыць, як і ўсе іракцы, у міры і бясьпецы з поўным захаваньнем іх канстытуцыйных правоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак едзе ў першы замежны візыт пасьля пачатку пандэміі

Папа знаходзіцца ў сваім першым міжнародным падарожжы з пачатку пандэміі — і першым у гісторыі папскім візыце ў Ірак.

Напярэдадні візыту 84-гадовы пантыфік заявіў у відэазвароце, што падасьць руку «братам і сёстрам, прадстаўнікам іншых рэлігій», а таксама адзначыў вялікія выпрабаваньні, якія перажылі хрысьціянскія супольнасьці Іраку за апошнія дзесяцігодзьдзі.

«Я прыяжджаю пакаяным паломнікам, каб прасіць у Госпада прабачэньня і прымірэньня пасьля многіх гадоў вайны і тэрарызму», — сказаў папа Францішак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі Францішак і яго папярэднік Бэнэдыкт прышчапіліся ад COVID-19