Сьледчы камітэт пра перасьлед пратэстоўцаў: завялі 2400 спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці»

Кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч (у цэнтры). Архіўнае фота.

Ад жніўня 2020 году заведзена 2407 спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці», паведаміў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Як паведамляе БелТА, кіраўнік сьледчага ведамства заявіў, што за «незаконнае правядзеньне масавых мерапрыемстваў, паклёп і абразы» прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 8 чалавек. Такіх у Беларусі ўжо 270

«Што тычыцца жорсткіх супрацьпраўных дзеяньняў, у нас цэлы спэктар магчымасьцяў прыцягненьня да адказнасьці. Ад жніўня, з поствыбарнага пэрыяду, падразьдзяленьнямі камітэту заведзена 2407 крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасьці. Сюды ўключана ўсё: ад нанясеньня на сьцены абразьлівых надпісаў да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Паводле старшыні Сьледчага камітэту, прыкладна 650 справаў перададзеныя пракурорам для накіраваньня ў суд. Блізу паўтысячы ўжо разгледжаныя, абвінавачаныя прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Колькі пакарана паводле адміністрацыйных артыкулаў, Іван Наскевіч не ўдакладніў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая крымінальная справа супраць сілавіка стане канцом усёй сыстэмы». Палкоўнік юстыцыі пра настроі ў «органах»

Праваабаронцы паведамляюць: нягледзячы на некалькі тысяч заяваў у Сьледчы камітэт, больш як за паўгода ня ўзбуджана ніводнай справы ў адносінах да сілавікоў, якія білі і калечылі мірных пратэстоўцаў. Не заведзеныя таксама справы і аб гібелі пратэстоўцаў у Менску, Гомлі і Берасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правакаваў праваахоўнікаў». СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу за сьмерць Тарайкоўскага, апраўдаў дзеяньні сілавікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьмерці затрыманага падчас пратэстаў Аляксандра Віхора не знайшлі складу злачынства