«Лявада»: дзьве траціны расейцаў лічаць каранавірус новай формай біялягічнай зброі

Ілюстрацыйнае фота

Большасьць расейцаў (64%) лічаць, што каранавірус быў штучна створаны як новая форма біялягічнай зброі. Толькі 23% рэспандэнтаў лічаць, што вірус паўстаў натуральным шляхам. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня «Лявада-Цэнтру».

Паводле сацыёлягаў, вэрсія аб штучным паходжаньні віруса дамінуе ва ўсіх узроставых групах, аднак найбольш папулярная яна сярод старэйшых пакаленьняў: 71% — для людзей 40–54 гадоў, 65% — для людзей 55 гадоў і старэйшых. У тое, што вірус паўстаў натуральным шляхам, больш вераць рэспандэнты 18–24 гадоў — 34%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год эпідэміі. Чаму каранавірус навучыў беларусаў

Вэрсія аб штучным паходжаньні найбольш папулярная сярод тых, хто атрымлівае навіны ў асноўным ад сяброў і знаёмых (73%). Вэрсія аб натуральным паходжаньні найбольш папулярная сярод чытачоў тэлеграм-каналаў (34%).

Больш за палову расейцаў (56%) не баяцца заразіцца каранавірусам, гэта самы вялікі паказчык зь лютага 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белмэдпрэпараты» запускаюць вытворчасьць расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V»

Сацыёлягі выявілі, што зьніжаецца колькасьць тых, хто гатовы зрабіць прышчэпку расейскай вакцынай «Спутник V». У сьнежні 2020 году 38% апытаных былі гатовыя зрабіць прышчэпку, 58% — не гатовыя. У лютым 2021 году 30% — гатовыя, не гатовыя — 62%. Пры гэтым 4% апытаных у лютым адзначылі, што ўжо зрабілі прышчэпку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар аховы здароўя: у Беларусі расейскай вакцынай прышчапілі 25 тысяч чалавек