«Мы глядзім не на пратэст, а на фармаваньне нацыі» — фатограф Зьміцер Брушко аб’яднаў свае здымкі з 2020-га з фатаздымкамі бацькі з 1990-х

Праект «Revision 30» паказвае жыцьцё краіны ў 90-х і ў 2020 годзе. У яго два аўтары-фатографы: Сяргей і Зьміцер Брушко, бацька і сын. Яны засьпелі розныя гістарычныя часы і адлюстравалі іх кожны па-свойму.

«Давялося рабіць фотасправаздачу пра жыцьцё двух пакаленьняў»

«Праект — гэта напамін пра тое, што ніякая прапаганда ня зможа зьнішчыць факты таго, што мы зьмяніліся ў параўнаньні з 1991-м. Мы вельмі моцна пасталелі як народ, і пра гэта трэба гаварыць і не забыцца, — кажа Зьміцер Брушко. — Гэты праект пра паўналецьце, калі ня толькі быў зроблены сьвядомы выбар, але і за яго выйшлі сотні тысяч, а па некаторых дадзеных, і мільёны людзей. Таму давайце шчыра, гэта вельмі важна: нам ёсьць чым ганарыцца, і пра гэта трэба гаварыць».

Зьміцер Брушко

Так апісвае менскі фатограф Зьміцер Брушко свой фотапраект «Revision 30».

Яго прэзэнтавалі 7 лютага на фэстывалі Eclat у Штутгарце, у рамках выставы «Беларусь: шлях да сябе». У аснове — фотаархівы бацькі і сына, Сяргея і Зьмітра Брушко, зьнятыя ў розныя эпохі, якія падаюцца вельмі падобнымі і зусім рознымі адначасова.

Зьміцер Брушко кажа, што думкі пра такі праект былі даўно. У 2019-м фатограф стварыў выставу «Зьмена» і выдаў адмысловую кнігу са здымкамі свайго бацькі Сяргея (1958–2000). Цяпер жа знаёмыя Зьмітра пачалі жартаваць, што варта зрабіць «Зьмену 2.0», так бы мовіць, працяг першага праекту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выходзіць кніга фатографа, чые здымкі з 90-х дагэтуль лічацца экстрэмісцкімі

«Так здарылася, што ў студзені, перад уручэньнем прэміі Марыі Калесьнікавай у Штутгарце, мне прапанавалі зрабіць гэты праект. Праект бацькі і сына пра 30-годзьдзе незалежнасьці, пра Беларусь, пра тое, што адбывалася ў 90-х і 20-х гадах і што было паміж гэтымі датамі. Вось так проста склалася, што напярэдадні свайго 40-годзьдзя давялося рабіць фотасправаздачу пра жыцьцё двух пакаленьняў фатографаў адной сям’і», — кажа Зьміцер Брушко.

Зьміцер і Сяргей Брушко, архіўнае фота

Марыю Калесьнікаву 7 лютага ўзнагародзілі прэміяй у галіне правоў чалавека ад фонду імя Герхарта і Рэнаты Баўм — за «ўзорны і ўражальны ўклад у стварэньне свабоднага грамадзтва ў Беларусі».

Ідэю Зьміцер выношваў 48 гадзін, сам жа праект стварылі малой камандай з нуля ўсяго за тры тыдні: два — на падрыхтоўку здымкаў, тэкстаў, перакладаў, і тыдзень — на вярстаньне. Над праектам працавалі журналiстка Алеся Песенка, фотарэдактар Юлiя Ваўчок i дызайнэр Агата Пойза.

«За жнівень я прайшоў 550 км»

Зьміцер Брушко ўсё лета і восень актыўна працаваў на пратэстах. Праца была амаль бясконцая, і адзінае, што надавала сілы, — разуменьне: тое, што адбываецца, вельмі важнае.

«Былі моманты, калі мяне вялі да машыны і несьлі маю сумку ззаду, таму што больш фізычных сіл не заставалася. Але ўсьведамленьне таго, што гэта проста вельмі трэба, трэба быць, трэба бачыць, трэба расказаць, менавіта гэта прыводзіла ў тонус, — расказвае Зьміцер. — Увесь фотааддзел TUT.BY жыў менавіта так. Важна нават самому гэта ўсё ўбачыць, проста таму, што такога ніколі не было, можа, ніколі ня будзе. Пачуць такую заяву ад народу — гэта вельмі падбадзёрвала. Я палічыў, што за жнівень прайшоў 550 км. Мы жылі адным днём. Жнівень — гэта адзін безупынны дзень».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя кадры газэтнага фатографа, які здымаў перабудову і пачатак незалежнасьці Беларусі. ВІДЭА

Некаторыя здымкі бацькі і сына дужа падобныя, хоць і зробленыя ў розныя часы.

«За 20 гадоў, вядома, набралася колькасьць здымкаў, якія можна падабраць парай. Я іх выбіраў таму, што яны важныя як сутнасьць праекту. Яны не здымаліся спэцыяльна, але, можа, гэта адбылося падсьвядома. Усё ж такі 20 гадоў працаваць з архівам — нешта застаецца ўнутры цябе», — тлумачыць Зьміцер.

«Бацька не вучыўся фатаграфіі спэцыяльна, ён любіў фатаграфію, — расказвае пра бацьку Зьміцер. — У яго той самы стыль, які прыйшоў не падсьвядома, ён выпрацаваў сваё бачаньне жыцьця празь сябе, праз практыку. І я не магу сказаць, што сапраўды гэтак жа і я вучыўся, таму што ў мяне была мастацкая школа, у адрозьненьне ад таты, і былі ўжо нейкія архівы. Тата быў як настаўнік некаторы час. Але гэтая стылістыка, закладзеная бацькам, яна засталася, яна падсьвядома працуе, і гэта такі асаблівы брушкоўскі стыль».

Падчас працы з архівамі здараюцца цікавыя супадзеньні. Напрыклад, на выставу «Зьмена» з фатаздымкамі Сяргея Брушко, завітала жанчына, якая аказалася аднаклясьніцай хлопчыкаў са здымка. І амаль праз трыццаць гадоў гэтых жа людзей, ужо дарослых мужчын, зьняў сын Сяргея Зьміцер Брушко.

«Ёсьць яшчэ адна фатаграфія бабулі, якую я здымаў у Чарнобыльскай зоне. Прыехаў дадому і пераглядаў бацькавы фатаздымкі, і ўбачыў гэтую ж бабулю. Ён яе здымаў у 1998 годзе, а я ў 2016-м ці 17-м. Яна так і працягвала жыць у Чарнобыльскай зоне. Гэта было для мяне шокам, бо я ня проста яе знайшоў, а менавіта надрукаваныя фатаграфіі зь ёй у архіве».

Зьміцер спрабаваў яшчэ знайсьці людзей са здымкаў таты, але аказвалася, што яны ці памерлі, ці зьехалі.

«У безграшоўе дзевяностых нават у дзяржаўных СМІ была свабода»

Раней, заўважае Зьміцер, каб фота трапіла ў газэту, мог прайсьці цэлы тыдзень. Цяпер жа гэта непрымальна, бо зусім іншая хуткасьць ня толькі інфармацыі, але і самога жыцьця. Да таго ж моцна зьмяніліся тэхналёгіі, і стварэньне здымкаў стала больш даступным.

«Канчатковы вынік ад здымкаў паскорыўся, і гэта сапраўды, напэўна, галоўнае адрозьненьне. Тата быў ня самым хуткім фатографам, ён ня бег першым заўсёды, ён чалавек, які любіў падумаць. Ён так і казаў: „а пахадзіць? а падумаць над тэмай?“. Ён спрабаваў прааналізаваць тое, што здымае, яшчэ падчас саміх здымкаў: што ж важна? што ж трэба? якім бокам зьняць?.. Для яго лічбавая эпоха была б вельмі складанай, таму што хуткасьць цяпер павялічылася ў параўнаньні з эпохай аналягавай фатаграфіі».

Чарга па малако ў краму, Менск, 1991 год

Падача скаргаў у ЦВК з-за адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, Менск, 15 ліпеня 2020 году

Таксама Зьміцер заўважае, што калі яго тата ў 90-х гадах працаваў у «Народнай газеце», якая была дзяржаўнай, там усё адно заставаліся «глыткі свабоды». Журналісты маглі рабіць праекты, здымаць, пісаць ня столькі пра палітыку, колькі на сапраўды надзённыя тэмы, расказваць пра рэальнае жыцьцё людзей.

«У безграшоўе дзевяностых нават у дзяржаўных СМІ была свабода. Цяпер гэтага дакладна няма. Бацька ня змог бы працаваць так, як ён працаваў у 80–90-я. Гэтыя рэчы душылі б яго, — мяркуе Зьміцер. — Бо ён чалавек быў унутры свабодны заўсёды, і гэта яму давала нейкія магчымасьці, нават у складаныя часы канца 90-х, разумець, чаго ён хоча».

«Мы цяпер глядзім не на пратэст, а на фармаваньне нацыі»

У праекце ўзьнятыя самыя вострыя і важныя тэмы з жыцьця беларусаў за 30 гадоў: пратэсты ў 1990-х і 2020-м, Чарнобыльская катастрофа і пандэмія, вёска, патрэбы грамадзян і іх прага да незалежнасьці. На першы погляд можа падацца, што амаль нічога не зьмянілася за гэтыя часы, але Зьміцер настойвае на адваротным.

Рабочыя выступаюць супраць павышэньня коштаў на прадукты. Мітынг праходзіць на плошчы Незалежнасьці, 4 красавіка 1991 году

Масавая акцыя «Марш новай Беларусі» супраць фальсыфікацыі і гвалту з боку сілавікоў на плошчы Незалежнасьці, 23 жніўня 2020 году

Галасаваньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў, Салігорск, 1994 год

Галасаваньне на дэпутацкіх выбарах, Менск, 2013 год

Праўладны мітынг у Дзень Незалежнасьці Беларусі, Менск, 1997 год

Палітычная актывістка 74-гадовая Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сьцягам падчас «жаночага маршу». Менск, жнівень 2020 году

«Вельмі многае зьмянілася. Зьмянілася мэнтальнасьць, — кажа Зьміцер Брушко. — У 1991 годзе, мяркуючы па абрэзках газэт, рэшткавых успамінах, размовах з тымі, хто памятае, незалежнасьць Беларусі амаль была падораная, і абвяшчэньне яе атрымалася вельмі лёгкае і мяккае. А праз 30 гадоў, вось у 2020-м, гэта была трагічная заява, але ўсё ж такі спроба заявіць пра сябе як народ, сказаць аб несправядлівасьцях. Гэты пратэст кажа аб непрыняцьці грамадзтвам гвалту. Такога яшчэ не было».

Зьлева — Пратэстовец у Менску, 1996 год, фота Сяргея Брушко. Справа — на самым масавым мітынгу ў гісторыі Беларусі ля стэлы «Мінск-горад-герой» 16 жніўня 2020 году (тады сабралася па розных ацэнках ад 400 да 500 тысяч чалавек), фота Зьмітра Брушко

Мужчына зь бел-чырвона-белым сьцягам на плошчы Незалежнасьці. 2 красавіка 1991 году

Мужчына зь бел-чырвона-белым сьцягам забраўся на барэльеф «Кастрычніцкая рэвалюцыя». 16 жніўня 2020 году

Цяпер грамадзтва пасталела, кажа Зьміцер. Тое, што цяпер адбываецца ў краіне, вельмі складаны працэс, які можа трагічна скончыцца для саміх людзей.

«Я не магу сказаць, што ўсё абсалютна дрэнна цяпер, проста цяжка, — кажа Зьміцер. — Гэта ўсё роўна зьмены, па якіх відаць, што 2020 — гэта сьвядомы выбар менавіта народу, а не палітыкаў. Гэты бязьлідэрны пратэст быў народным выказваньнем. А ў 1991 годзе гэта ўсё ж такі было выказваньне палітыкаў, якія павялі за сабой народ. Адпаведна, мы цяпер глядзім не на пратэст, а на фармаваньне нацыі, ня проста на атрыманьне незалежнасьці па паперах. Вось гэтая розьніца, яна вельмі моцна прапісаная ў 2020 годзе».

Мітынг-рэквіем на першую гадавіну вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, Менск, 24 студзеня 1989 году

Мужчына з партрэтам сваяка, расстралянага падчас сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў, урочышча Курапаты пад Менскам, 2016 год

Пара на матацыкле едзе па сельскай дарозе, 1997 год

Маладая пара едзе на электраскутары пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году