Чарговы прысуд за абразу ўчастковага ў сацсетцы. 61-гадовую жанчыну асудзілі на два гады «хатняй хіміі»

Суд прызнаў 61-гадовую жыхарку Баранавічаў вінаватай у абразе ўчастковага і паклёпе на яго і пакараў яе двума гадамі «хатняй хіміі», паведаміў «Першы рэгіён».

Паводле матэрыялаў справы, жанчына

  • беспадстаўна абвінаваціла міліцыянта ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў,
  • напісала камэнтар пад ягоным фота з намерам публічна абразіць прадстаўніка ўлады,
  • пасьля гэтага паставіла фатаграфіі «кляс» (падабайку) і апублікавала на сваёй старонцы.

Апроч абмежаваньня волі, жанчына мусіць заплаціць участковаму 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі. У яе таксама канфіскавалі тэлефон.

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра сацыяльную сетку «Аднаклясьнікі» — «клясы» можна ставіць менавіта там.

20 лютага за абразу ўчастковага ў «Аднаклясьніках» паўтара гадамі «хатняй хіміяй» пакаралі жыхара Бярозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Бярозы асуділі на 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу ўчастковага ў «Аднакласьніках»

А блогера з Баранавічаў за абразу даішніка асудзілі на два гады «хіміі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру з Баранавічаў далі два гады абмежаваньня волі за абразу супрацоўніка ДАІ

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца крыміналізаваць паўторны ўдзел у пратэсьце