Улады Менску расказалі, як выконваюць загад Лукашэнкі «паставіць на ўлік усіх дармаедаў»

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

22 лютага Камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне і падатковай службе Менску паставілі задачу «прыняць вычарпальныя меры па ўключэньні ў эканоміку гораду грамадзян, якія доўгі час не працуюць».

Як адзначаюць у Менскім гарвыканкаме, у горадзе афіцыйна зарэгістраваныя 816 беспрацоўных, на кожнага зь якіх у сярэднім ёсьць 22 вакансіі. Але, мяркуючы па базах дадзеных незанятых у эканоміцы, больш за 39 тысяч чалавек у Менску не працуюць ужо доўгі час, 38,7 тысячы не працуюць больш за год, і 10,2 тысячы ня маюць індывідуальнага рахунку ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, то бок не працавалі ніколі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будучы злачынца». Лукашэнка запатрабаваў паставіць на ўлік і працаўладкаваць усіх «дармаедаў»
  • 1 студзеня 2016 году ў Беларусі пачаў дзейнічаць дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт аб дармаедах»), які выклікаў рэзкую крытыку ў грамадзтве. Пасьля пратэстаў, якія пракаціліся па Беларусі ў лютым-сакавіку 2017 году, улады скарэктавалі дакумэнт, але на адмену яго не пайшлі.
  • 25 студзеня 2018 году Лукашэнка падпісаў новы дэкрэт — «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». На яго падставе стварылі базу дадзеных «дармаедаў»: тыя, каго ўнесьлі ў яе, абавязаныя плаціць за дзяржаўныя паслугі ў поўным аб’ёме, у прыватнасьці за гарачую ваду, газ і ацяпленьне. У сьнежні 2019 году ў базе было каля 500 тысяч чалавек.
  • 7 сьнежня 2020 году Лукашэнка запатрабаваў «неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў» і «заняцца іх працаўладкаваньнем з органамі міліцыі», бо кожны беспрацоўны — гэта «ня проста пратэстун на вуліцы, гэта будучы злачынец».
  • У канцы сьнежня 2020 году сталічнае ўпраўленьне занятасьці разаслала прапановы па працаўладкаваньні беспрацоўным і не занятым у эканоміцы грамадзянам. «Калі чалавек у працаўладкаваньні ня мае патрэбы, ён можа ліст ігнараваць», — адзначаюць ва ўпраўленьні занятасьці Менгарвыканкаму.