У Францыі дэпутаты падтрымалі закон аб каштоўнасьцях, скіраваных супраць «ісламісцкага сэпаратызму»

Выстаўлены ў парлямэнце Францыі партрэт школьнага настаўніка Самюэля Паці, якому 16 кастрычніка 2020 году 18-гадовы ісламіст з Чачэніі адрэзаў галаву.

У Францыі дэпутаты падтрымалі закон аб рэспубліканскіх каштоўнасьцях, скіраваны супраць «ісламісцкага сэпаратызму».

Ніжняя палата парлямэнта Францыі — Нацыянальны сход — напярэдадні прагаласавала за законапраект аб абароне рэспубліканскіх каштоўнасьцяў, скіраваны супраць так званага «ісламісцкага сэпаратызму».

Мэта дакумэнту, падтрыманага прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам — стварыць перашкоды для радыкальных рэлігійных груповак, якія імкнуцца падарваць сьвецкі характар дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забітага за ўрок свабоды слова францускага настаўніка ўзнагародзяць ордэнам Ганаровага легіёну

Крытыкі законапраекту, галоўным чынам прадстаўнікі левых сілаў, сьцьвярджаюць, што ён стыгматызуе мусульман, а таксама абмяжоўвае свабоду слова і веравызнаньня.

За падтрымку дакумэнту прагаласавалі 347 дэпутатаў, супраць быў 151. Для ўступленьня ў сілу неабходна ўхваленьне Сэнату — верхняй палаты парлямэнту.

У законапраекце больш за 70 артыкулаў. У ім, у прыватнасьці, пералічваюцца падставы для закрыцьця мячэцяў і рэлігійных школ, уводзяцца патрабаваньні справаздачнасьці аб фінансаваньні рэлігійных груп з-за мяжы, а таксама прадпісваецца, што ўсе дзеці, пачынаючы з трох гадоў, абавязаны наведваць школу. Хатняе навучаньне магчымае толькі ў выключных абставінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Парыжы тысячы людзей сабраліся на мітынг памяці забітага настаўніка

Неабходнасьць увядзеньня гэтай меры аўтары законапраекту абгрунтавалі тым, што хатняе навучаньне ўсё больш распаўсюджваецца ў ісламскай супольнасьці Францыі — як лічаць аўтары законапраекту, гэта перашкаджае далучэньню дзяцей з мусульманскіх сем’яў да рэспубліканскіх каштоўнасьцяў.

Таксама законапраект прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пяці гадоў турмы за пагрозы або напад на службовую асобу з мэтай прымусіць яе падпарадкавацца тым ці іншым патрабаваньням.

  • Законапраект быў унесены ў парлямэнт прыхільнікамі Макрона пасля забойства 18-гадовым членам чачэнскай грамады школьнага настаўніка Самюэля Паці ў прыгарадзе Парыжа. Настаўнік быў забіты неўзабаве пасьля таго, як абмяркоўваў са сваімі вучнямі карыкатуры на прарока Мухамэда як прыклад свабоды слова.