Лукашэнка: Беларусь зацікаўленая ў кантактах зь Літвой, «нягледзячы на ўсе супярэчнасьці»

Шэсьце ў Вільні, сакавік 2020.

Аляксандар Лукашэнка даслаў прывітальны ліст літоўскаму народу з нагоды дзяржаўнага сьвята — Дня аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы.

Пра гэта паведамляе афіцыйны партал Лукашэнкі.

«Гісторыя мірнага суіснаваньня нашых народаў налічвае некалькі стагоддзяў. Беларусы заўсёды паважалі права сваіх суседзяў на вызначэньне шляху самастойнага развіцьця. Наша добрасуседзтва спрадвеку захоўвалася дзякуючы народнай дыпляматыі, трывалым гуманітарных і гаспадарчым сувязям», — цытуе віншаваньне афіцыйны партал Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Літвы: «Кожнага дня літоўцы падтрымліваюць народ Беларусі»

Паведамляецца, што, «нягледзячы на ўсе супярэчнасьці», афіцыйны Менск зацікаўлены ў «далейшым паглыбленьні кантактаў» — «па лініі рэгіёнаў, прадпрыемстваў і ўстановаў».

  • 16 лютага 1918 году быў прыняты Акт аб аднаўленьні Літоўскай дзяржавы, гэты дзень адзначаецца як Дзень аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы.
  • 11 сакавіка 1990 году Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў пакет дакумэнтаў, які забясьпечыў прававы падмурак аднаўленьня дзяржаўнасьці, і абвясьціў Незалежнасьць. Гэты дзень таксама адзначаецца як дзяржаўнае сьвята — Дзень аднаўленьня Незалежнасьці Літвы.
  • У Беларусі такім падзеям у прававым сэнсе адпавядаюць абвяшчэньне незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году і наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону 25 жніўня 1991 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва, Латвія і Эстонія «выказалі падтрымку народу Беларусі ў змаганьні за свабоду і дэмакратыю»