15 лютага ў судзе Фрунзэнскага раёну асудзілі па ч.1 арт. 23.34 КаАП праграміста Максіма Нікольскага.
Паводле пратаколу, Максім Нікольскі «з мэтай публічнага выказваньня сваіх палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства, а менавіта пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня на шкленьні вакна найманай кватэры элемэнтаў адзеньня бел-чырвона-белай расфарбоўкі», паведамляюць з суду назіральнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Максіма затрымалі ў пятніцу 12 лютага і зьмясьцілі да суду ў ізалятар на Акрэсьціна. На судзе хлопец вельмі прасіў судзьдзю Марыю Ярохіну прызначыць яму штраф, а не караць «суткамі», бо ў яго ў суботу 20 лютага вясельле.
Вырак судзьдзі — 7 дзён адміністрацыйнага арышту. На волю хлопец выйдзе за дзень да свайго вясельля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла замуж за хлопца, які напісаў «Не забудзем». Як праходзіць вясельле ў СІЗА. Відэа