Прэзыдэнт ЗША зьбіраецца зачыніць турму ў Гуантанама, створаную пасьля пачатку вайны ў Аўганістане

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

На піку ў Гуантанама ўтрымлівалася каля 780 зьняволеных, цяпер іх 40.

Як заявіла ў пятніцу прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі, турма будзе зачыненая да заканчэньня першага прэзыдэнцкага тэрміну Байдэна, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Гэта, безумоўна, мэта і наш намер», — сказала Псакі, адказваючы на пытаньне журналіста.

У студзені аб неабходнасьці зачыніць турму ў Гуантанама таксама заявіў міністар абароны ЗША Лойд Осьцін. Ён прапанаваў забясьпечыць асобам, якія застаюцца ў турме, прававую дапамогу і гуманітарнае стаўленьне, а таксама распрацаваць плян дзеяньняў для перамяшчэньня зьняволеных.

Ваенная турма ў Гуантанама — на тэрыторыі не ЗША, а Кубы — была створаная ў студзені 2002 года, пасьля пачатку вайны ў Аўганістане. У Гуантанама накіроўваліся падазраваныя ў зьдзяйсьненьні цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ўдзел у дзейнасьці міжнародных тэрарыстычных структур.

Турма ў Гуантанама набыла сумную вядомасьць пасьля абвінавачваньняў з боку праваабаронцаў, якія сьцьвярджалі, што да зьняволеных ужываліся катаваньні, а іх прававы статус заставаўся невядомым.

Зачыніць турму ў Гуантанама абяцаў яшчэ Барак Абама падчас барацьбы за прэзыдэнцтва. Ён выдаў указ, які прадугледжвае закрыцьцё турмы. Некалькі дзясяткаў зьняволеных былі перададзеныя іншым дзяржавам. Пасьля гэта рашэньне было адмененае прэзыдэнтам Дональдам Трампам, які таксама дазволіў завозіць у турму ў Гуантанама новых затрыманых.

На піку ў Гуантанама ўтрымлівалася каля 780 зьняволеных, цяпер іх 40.