Над чэскім горадам Брном залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі. ФАТАФАКТ

Улады Брна, другога паводле колькасьці жыхароў гораду Чэхіі, вырашылі адзначыць паўгода беларускіх пратэстаў пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і вывесілі ў горадзе бел-чырвона-белыя сьцягі.

Гістарычныя беларускія сьцягі залуналі над будынкамі магістрату і ўпраўленьняў гарадзкіх раёнаў ды над офісам рэгіянальнага (краёвага) упраўленьня.

«Гэтым сымбалічным актам узьняцьця сьцяга кіраўніцтва гораду Брно чарговы раз вырашыла выказаць падтрымку грамадзянам Беларусі ў галіне павагі і захаваньня правоў чалавека. Маючы на ўвазе гістарычныя падзеі ў Чэхаславаччыне, кіраўніцтва гораду актам узьняцьця традыцыйнага беларускага сьцяга таксама нагадвае сабе і ўсім іншым пра важнасьць грамадзянскага дыялёгу, свабоды слова і прадухіленьня любых праяваў гвалту дзяржавы супраць грамадзянскай супольнасьці. Дэпутаты гарадзкой рады Брна заклікаюць Беларусь паважаць правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства закону», — заявіла мэр Брна Маркета Ванькава.

Фота: Алеська Сматрычэнка