Пацярпелы ад гвалту сілавікоў напісаў тры скаргі пракурору. Што яму адказалі?

Мікалай Мякшыла. Архіўнае фота.

Жыхар Ліды Мікалай Мякшыла з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтру «Вясна» працягвае дамагацца завядзеньня крымінальнай справы па факце свайго зьбіцьця і перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.

Мікалая Мякшылу 10 жніўня сілавікі затрымалі і моцна зьбілі, калі ён вяртаўся дамоў. Яму нанесьлі ня менш за 15 удараў, пасьля чаго адвезьлі ў ЦІП Ліды і склалі пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, паведамляе «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім». Журналіст расказаў, як яго затрымалі за воклічы «Ганьба» ў судзе

2 верасьня Мікалай прайшоў судова-мэдычную экспэртызу, лекары дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, падскурныя гематомы твару, кровападцёк з ударам мяккіх тканак грудной клеткі.

Аднак пры правядзеньні праверкі па скарзе Мікалая Сьледчы камітэт цялесныя пашкоджаньні вызначыў як «лёгкія па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя». Старшы сьледчы УСК Горадзенскай вобласьці С. Амельчанка прыйшоў да высновы: супрацоўнікі міліцыі «спынялі супрацьпраўныя дзеяньні Мякшылы», які ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і спосаб ужываньня фізычнай сілы «адпавядаў задачам і абставінам спыненьня правапарушэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я напісаў на помніку Леніну «сатана» — інтэрвію зь невядомым пратэстоўцам

Мікалай Мякшыла з дапамогай юрыстаў падрыхтаваў і накіраваў скаргу на адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў пракуратуру Горадзенскай вобласьці. Ён падкрэсьліў, што сьледчы ў пастанове павярхоўна пералічыў прычыненыя яму пашкоджаньні, не ўказаў зьместу тлумачэньня заяўнікаў.

«Без апытаньня асобаў, якія зьдзейсьнілі цяжкае злачынства, без вывучэньня журнала рэгістрацыі ўжываньня фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі, выпатрабаваньня запісаў зь відэарэгістратараў і камэраў назіраньня на прылеглай тэрыторыі сьледчы вынес пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. Гэта працэс стварэньня заганнай практыкі, якая спараджае беспакаранасьць, пакрывае злачынствы ў дачыненьні да грамадзян Беларусі», — перакананы ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны мясцовы лідэр». Чым вядомы актывіст Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты

Першы намесьнік пракурора Горадзенскай вобласьці Э. Бурак накіраваў скаргу ў абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту. У адказе намесьнік начальніка ўпраўленьня В. Леган падкрэсьліў, што фактаў наўмысных дзеяньняў супрацоўнікамі міліцыі, якія выходзілі б за межы праў і паўнамоцтваў, не было. Довадаў, якія давалі б падставы для правядзеньня дадатковай праверкі, няма.

Цяпер Мікалай Мякшыла накіраваў пракурору вобласьці скаргу як на пастанову сьледчага, так і на рашэньне намесьніка пракурора. Ён пазначыў, што Бурак пераадрасаваў скаргу ў Сьледчы камітэт, парушыўшы арт. 140 і арт. 142 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.