Гаспадыню лідзкай крамы абвінавацілі ў пікеце. У яе прадаваліся кубкі з «Пагоняй» 

Ілюстратыўнае фота

У лідзкую краму падарункаў «Хамэлеон» 2 лютага прыйшла міліцыя. На гаспадыню Крысьціну Іванову склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.34, піша Onliner.

Паводле пратаколу, у краме выставілі на вітрыну магніты, сьцягі, майкі зь бел-чырвона-белай сымболікай.

Гаспадыня крамы Крысьціна Іванова сьцьвярджае, што ў момант, калі міліцыя прыйшла ў краму, на вітрыне не было згаданых тавараў. Да таго ж дырэктарка не разумее, у чым яна парушыла закон: бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама выява герба «Пагоня», якая была на іхніх кубках, не забароненыя законам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Налёт на беларушчыну. Як па ўсёй краіне прэсуюць беларускія асяродкі

Напярэдадні гаспадыня раілася зь юрыстамі, каб у продажы дакладна не было недазволеных прадметаў. У краму раней ужо прыходзілі шэсьць праверак, але парушэньняў не знаходзілі.

Нядаўна пракуратура заявіла, што можа прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг экстрэмісцкім. Пэтыцыю супраць гэтага рашэньня падпісалі больш за 85 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ці то крымінальная справа, ці то праверка». Што адбываецца з Symbal.by
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона нацыянальнай сымболікі ператварае пратэст у нацыянальна-вызвольны рух