Падчас жнівеньскіх пратэстаў 55-гадоваму Ігару Пагоцкаму зламалі хрыбет. Крымінальную справу на сілавікоў не завялі, а пацярпелага судзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП.
У судзе Фрунзэнскага раёну Менска разглядзелі справу за пратакол, складзены яшчэ 12 жніўня. Судовы працэс вядзе судзьдзя Юлія Блізьнюк.
Ігар Пагоцкі адразу заявіў, што не давярае суду, аднак хадайніцтва было адхіленае.
Паводле пратаколу, увечары 12 жніўня на вуліцы Прытыцкага мужчына ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Па факце ж ён быў каля гатэля «Арбіта», удзелу ў мітынгу ня браў, а назіраў збоку. Здымаў падзеі на відэа. Людзі абурыліся прапагандысцкай вэрсіі пра сьмерць Аляксана Тарайкоўскага і выйшлі на вуліцу. Ён вырашыў, што паспрабуе ўсё зафіксаваць.
Прыкладна праз гадзіну прыехаў АМАП. Разам зь іншымі Ігар Пагоцкі таксама пабег, але спатыкнуўся і ўпаў. Ён добра памятае, дзе яго затрымалі: сілавікі напісалі гэта маркерам на ягонай сьпіне. У аўтазаку ў мужчыны забралі флэшку, маленькую камэру і ліхтар. Кажа, што яго білі пры затрыманьні і ў РУУС. Але «хуткая» змагла забраць яго толькі з Акрэсьціна, пасьля ночы на халоднай падлозе. Празь некалькі дзён ён трапіў на МРТ, дзе даведаўся пра пералом двух хрыбетак.
Суду патлумачыў, што пратакол падпісаў у РУУС пасьля зьбіцьця і паламанага хрыбта. Адзначыў, што трапіў на відэа з Фрунзэнскага РУУСу, і сказаў, што можна апазнаць тых, хто яго пакалечыў. Адказ судзьдзі Блізьнюк быў такі: «А ёсць іншыя зьвесткі, якія тычацца адміністрацыйнай справы?»
Ігар Пагоцкі зьвяртаўся ў Сьледчы камітэт з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць траўмы, але атрымлівае выключна адпіскі. Праз стан здароўя ён быў вымушаны звольніццаз працы.
Справу Ігара Пагоцкага судзьдзя вярнула на дапрацоўку ў РУУС.