У Менску асудзілі на 15 дзён арышту настаўніка гісторыі і апэратара, якія казалі пра хлусьню ў міліцэйскіх пратаколах

Суд Заводзкага раёну Менску

Настаўнік гісторыі на судзе заявіў, што яго зьбілі пры затрыманьні. Але суд не ўлічыў гэтыя паказаньні і пакараў яго арыштам.

Суд Заводзкага раёну Менску разглядаў праз скайп справу па ч.1. арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве супраць настаўніка гісторыі Антона Рудэнкі. Судзьдзя Кацярына Мурашка на пачатку працэсу пацікавілася, адкуль у абвінавачанага цялесныя пашкоджаньні. Той адказаў, што яго зьбілі пры затрыманьні, піша тэлеграм-канал «Вясна назірае».

У мужчыны два сінякі пад вачыма, але ў мэдычнай дапамозе патрэбы ўжо няма. Пасьля словаў абвінавачанага працэс працягнулі ў звычайным парадку, Мурашка ніяк не ўлічыла словы Рудэнкі.

Паводле складзенага ў міліцыі пратаколу, Рудэнка 23 студзеня каля 15:00 быў на вуліцы Несьцерава і парушаў Закон аб масавых мерапрыемствах. Антон пярэчыў зьместу пратаколу, заяўляючы, што ў гэты час быў дома, а затрымалі яго на гадзіну пазьней па дарозе з крамы і зусім у іншым баку.

Сьведка-міліцыянт па прозьвішчы Савельеў сьцьвярджаў, што на ўласныя вочы бачыў настаўніка на мосьце ў 15:20 пры «зьдзяйсьненьні пікетаваньня». Менавіта паказаньні міліцыянта сталі асновай для прысуду, Рудэнку адправілі ў ізалятар на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 9 жніўня судзьдзі спынілі толькі 20 адміністратыўных справаў супраць удзельнікаў пратэстаў

Таксама 25 студзеня ў Ленінскім судзе Менску асудзілі на 15 сутак апэратара Аляксандра Мікрукова. Судзьдзя Анастасія Ачалава вынесла яму прысуд за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мікрукоў казаў, што толькі праходзіў міма пікету і зьняў яго на мабільны тэлефон, аднак міліцыянты затрымалі яго як удзельніка. І ў гэтым выпадку суд таксама цалкам даў веры міліцэйскаму пратаколу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біць рублём і адпрацоўкамі. Што зьмянілі ў Адміністрацыйным кодэксе пасьля масавых пратэстаў