Зьняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай падоўжылі арышт яшчэ на два месяцы

Марфа Рабкова

Праваабаронца застанецца за кратамі да 17 сакавіка.

Арышт Марфе Рабковай падоўжылі яшчэ на два месяцы, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Папярэдні тэрмін утрыманьня пад вартай скончыўся 17 студзеня.

Валянтэрку Праваабарончага цэнтру «Вясна» затрымалі 17 верасьня ў Менску разам з мужам, калі яны вярталіся з урачыстага ўзнагароджаньня «Вясны» польскай прэміяй «Арол» імя Яна Карскага. Рабкову пакінулі пад вартай і неўзабаве прад’явілі ёй абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Па такім артыкуле чалавеку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

У абарону Рабковай і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленьні праваабаронцы выступілі беларуская праваабарончая супольнасьць, спэцдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясьціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў яе неадкладнага вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістцы «Вясны» Марфе Рабковай падоўжылі арышт, яе лісты на волю прыходзяць напалову выкрасьленыя цэнзарам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2020 годзе ўлады рэпрэсавалі 18 сяброў і валянтэраў Праваабарончага цэнтру «Вясна»