6 студзеня суд Савецкага раёну Менску прысудзіў 44-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку і культурысту Дзьмітрыю Галко 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Агульны кантэкст справы праваабаронцы ахарактарызавалі як «глыбокі крызіс правоў чалавека, выкліканы стратай легітымнасьці прэзыдэнта і выбудаванай ім вэртыкалі ўлады ў сувязі з палітычна матываванымі масавымі катаваньнямі [...], а таксама татальнай фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў».
Умовы назіраньня ў судовым пасяджэньні былі нездавальняючымі, бо парадак у зале суду вызначалі супрацоўнікі канвою. А суд чарговы раз прадэманстраваў «гнуткасьць» уладаў у змаганьні з каранавірусам: у залі суду абмежавалі колькасьць месцаў для слухачоў, але заля не праветрывалася, а пры перамяшчэньні абвінавачанага па калідоры суду ўсіх прысутных прымусілі знаходзіцца ў скучанай прасторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адправіў культурыста ў турму на 3 гады за ўдар міліцыянта, якога ў двары прынялі за пэдафілаУ дачыненьні Галко парушылі стандарт прэзумпцыі невінаватасьці, бо на афіцыйным тэлеграм-канале прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай напісалі пра затрыманьне менчука, які «выбіў камэру з рук міліцыянта». Падчас судовага паседжаньня высьветлілася, што відэакамэру абвінавачаны не выбіваў, а толькі зачыніў накрыўку на ёй, ды й сам пацярпелы міліцыянт Павал Мацкевіч паведаміў у судзе, што камэра апусьцілася да ўзроўню яго грудзей і заставалася ў руках, здымка працягвалася. Суседзі асуджанага заявілі, што міліцыянт у цывільным плянамерна здымаў на камэру дзяцей. У ім сталі падазраваць пэдафіла.
Паводзіны судзьдзі, пракурора і адваката
На думку «Вясны», судзьдзя Сяргей Шаціла і пракурор Уладзімер Рабаў ніяк не адрэагавалі на заяву аб недапушчальных формах вядзеньня крымінальнага працэсу, не ўдакладнялі акалічнасьцяў. Больш за тое, падчас вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы судзьдзя карыстаўся мабільным тэлефонам, што «ставіць пад аб’ектыўны сумнеў яго бесстароннасьць». Шаціла раней прыысудзіў 2,5 года пазбаўленьня волі грамадзянцы Швайцарыі Натальлі Хершэ за сарваную з амапаўца балаклаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра прысуд Натальлі Хершэ: вырак непрапарцыйны парушэньнюЭкспэрты праваабарончага цэнтру палічылі высакакляснай працу адвакату Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Кацярыны Пятровіч. Пытаньнямі пацярпеламу адвакатка не пакінула сумневаў у тым, што Мацкевіч не пазыцыянаваў сябе як супрацоўнік органаў унутраных спраў падчас інцыдэнту 16 верасьня 2020 году, што фактычна прызнаў і ён сам.
Заключныя высновы праваабаронцаў:
- Дзьмітры Галко — ахвяра палітычна матываваных рэпрэсій з боку нелегітымных уладаў;
- праваахоўныя органы актыўна выкарыстоўваюць у сваёй працы катаваньні для атрыманьня прызнаўчых сьведчаньняў;
- крымінальная справа паўстала пасьля спробы ідэнтыфікаваць чалавека, які распыліў газ пасьля ўмяшаньня міліцыі ў правядзеньне дваровага канцэрту па адрасе: вул. Усходняя, 32-34, у Менску. Менавіта ў сувязі з гэтым інцыдэнтам 21 кастрычніка затрымалі Галко, пасьля чаго мужчыну падверглі жорсткім і беспакараным катаваньням, каб той даў сьведчыў супраць сябе.
Асобным аспэктам юрысты назвалі фальсыфікацыю доказаў, а менавіта нічым не абгрунтаванае завышэньне матэрыяльнай шкоды ў сувязі з паломкай відэакамэры. Міліцыянты назвалі суму ў 546 рублёў, але пасьля відэапрагляду высьветлілася, што нічога істотнага зь відэакамэрай не адбылося.
Праваабаронцы запатрабавалі:
- неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі асуджанага з далейшай кампэнсацыяй выдаткаў, зьвязаных з катаваньнямі і крымінальным перасьледам;
- адхіленьня ад занятай пасады судзьдзі Сяргея Шацілы з тым, каб пачаць супраць яго крымінальную справу за заступніцтва катаваньняў;
- адхіленьня ад занятай пасады памочніка пракурора Савецкага раёну Менску Ўладзімера Рабава ў сувязі з заступніцтвам катаваньняў і ўтойваньня доказаў службоўцаў спэцпадразьдзяленьня МУС, якія датычныя да катаваньняў;
«Вясна» парэкамэндавала праваабарончай супольнасьці прызнаць Дзьмітрыя Галко палітвязьнем з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня з-пад варты. На дадзены момант у Беларусі 187 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі за сваю пазыцыю. Нагадваем імёны ўсіх палітвязьняў Беларусі. ВІДЭА