Менчука аштрафавалі на 232 рублі пасьля наведваньня крамы бяз маскі

Чалавек у масцы дзеля прадухіленьня заражэньня COVID-19, ілюстрацыйнае фота

Фрунзэнскі раённы суд Менску аштрафаваў пакупніка, які прыйшоў у краму бяз маскі. Але штраф прысудзілі не за парушэньне рэкамэндацый мэдыкаў.

Усё адбылося яшчэ 27 сьнежня. Калі ў краму на Каменнай Горцы прыйшоў пакупнік бяз маскі, касірка адмовілася яго абслугоўваць, піша Tut.by. У мужчыны быў адзін тавар у руках — арэшкі, але пэрсанал праявіў прынцыповасьць, спаслаўшыся на дазвол не абслугоўваць кліентаў бяз маскі.

Мужчына пачаў настойваць, што крама ня мае права адмовіць яму ў абслугоўваньні, а можа толькі рэкамэндаваць надзець маску. Дыскусія трывала 40 хвілін, пасьля чаго на пакупніка выклікалі міліцыю. Пасьля яго затрымалі і склалі два пратаколы — за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўніка пры выкананьні (артыкул 23.4 КаАП).

11 студзеня суд Фрунзэнскага раёну прызначыў менчуку штраф 87 рублёў за дробнае хуліганства. 145 рублёў склаў штраф па другім пратаколе за непадпарадкаваньне.

Абавязковы масачны рэжым у Менску ўвялі 12 лістапада 2020 году. На думку мэдыкаў, маскі дазваляюць зьнізіць рызыку заражэньня COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйная статыстыка COVID-19: за дзень у Беларусі выявілі 1924 хворых, 9 памерлі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маўчаць пра хваробу неэтычна». Як у штабе Ціханоўскай хварэлі на COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у Беларусі і ва Ўкраіне: праблемы аднолькавыя, падыходы розныя