Тэндэр на мадэрнізацыю «Менск-Арэны» адбыўся, нягледзячы на рызыку пазбавіцца чэмпіянату сьвету

Менск-Арэна

На мадэрнізацыю галоўнай хакейнай арэны Менску могуць патраціць 2,6 млн даляраў пры тым, што Беларусь можа страціць права правядзеньня ЧС-2021.

Адбыўся тэндэр на замену мэдыякуба і бягучага радка на «Менск-Арэне». Фінальны кошт склаў 2,6 млн даляраў. Мадэрнізацыя арэны мусіла стаць адным з этапаў падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету ў хакеі, які зьбіраліся правесьці ў Беларусі і Латвіі, піша «Трыбуна». Мэдыякуб, згодна з патрабаваньнямі тэндэру, павінен мець форму эліпсу.

У тэндэр уваходзілі таксама сьвятладыёдныя экраны, якія знаходзяцца па баках арэны, і будаўніча-мантажныя работы для замены ўсіх названых элемэнтаў. Крыніцай фінансаваньня ў тэндэры пазначылі бюджэт Менску. Тэрмін пастаўкі з 1 студзеня па 30 красавіка 2021 году.

Раней паведамлялася, што ўсяго на мадэрнізацыю «Менск-Арэны» заплянавана выдаткаваць 12 млн даляраў.

18 студзеня Міжнародная фэдэрацыя хакею можа абвесьціць канчатковае рашэньне аб месцы правядзеньня чэмпіянату сьвету 2021 году. Пасьля адмоваў Nivea, Škoda, Tissot і Liqui Moly быць спонсарамі ў выпадку правядзеньня турніру ў Менску, рэзка вырасьлі шанцы на тое, што адбудзецца перанос турніру ў іншыя горад і краіну. Альтэрнатыўнымі месцамі правядзеньня ў эўрапейскай прэсе называлі Данію і Славаччыну, таксама пра гатоўнасьць прыняць не палову, а ўвесь турнір заяўляла Латвія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Škoda адказала на заклікі заўзятараў адмовіцца ад падтрымкі ЧС-2021 у Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю за перанос хакейнага чэмпіянату сьвету зь Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнэ Фазэль заявіў, што неўзабаве пакіне пасаду прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якую займае 26 гадоў