Лекара, якому далі 15 сутак за акцыю, адпусьцілі, пакуль ня вылечыцца ад COVID-19

Каляж

Лекару-нэўролягу Руслану Бадамшыну далі адтэрміноўку ад 15 дзён арышту ў сувязі з пацьверджаным у яго COVID-19.

Пра гэта паведамляе «Вясна».

Руслана Бадамшына затрымалі ўвечары 14 студзеня. Судзьдзя Максім Трусевiч прызнаў Руслана вінаватым і прысудзіў 15 дзён арышту, сказаўшы, што рашэньне, ці выпусьціць хворага на COVID-19 Руслана, прымуць у ІЧУ.

У выніку Руслану давядзецца адбыць пакараньне праз месяц. Ён ужо дома.

Руслана Бадамшына неаднаразова затрымлівалі летам і восеньню.

  • 10 жніўня каля стэлы на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў (быў паранены; суд аштрафаваў на 10 базавых велічынь – 270 рублёў),
  • 2 лістапада ў раёне праспэкта Дзяржынскага на акцыі ў падтрымку адлічаных студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту (15 дзён адміністрацыйнага арышту),
  • 29 лістапада на «Маршы суседзяў» у мікрараёне Ўручча (15 дзён адміністрацыйнага арышту).