Кіраўнік «Белнафтахім» абяцаў, што рост цэн на бэнзін складзе ня больш 1 капейкі за 1 літар у тыдзень

Старшыня дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў расказаў пра зьмену портаў перавалкі прадукцыі і мэханізм цэнаўтварэньня на паліва.

У інтэрвію ведамаснаму выданьню «Вестник Белнефтехима» Андрэй Рыбакоў адказаў на пытаньне, ці застаецца актуальным ў 2021 годзе пытаньне аб дывэрсыфікацыі паставак нафты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская нафтавая кампанія» прыпыняе транзыт праз порт Клайпеды. Гэтым Лукашэнка пагражаў Літве

«Давайце сыходзіць з таго, што дывэрсыфікацыя — не самамэта, а рэаліі сучаснага рынку нафты. Залог стабільнай працы ўсяго нафтахімічнага комплексу — магчымасьць манэўру. Набыты вопыт, несумненна, будзе карысны ў пэрспэктыве. Нашыя заводы ўжо „паспрабавалі“ новыя гатункі і міксы нафты, адпрацавалі новую лягістыку, супрацоўнічаючы з сусьветнымі трэйдарамі. На наступным этапе „абкатаем“ іншыя варыянты, бо адкрываюцца новыя магчымасьці расейскіх партоў».

Раней экспэрты казалі, што рашэньне пераарыентаваць прадукцыю нафтаперапрацоўкі зь Літвы на Расею мае выразную палітычную афарбоўку — гэта нямэтазгодна найперш эканамічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў забясьпечыць запас нафты і паліва на непрадбачаныя выпадкі

Палітычны складнік пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка. Камэнтуючы санкцыі краін Балтыі ў дачыненьні да яго і шэрагу беларускіх службовых асобаў, заявіў, што Менск адкажа ўласнымі эканамічнымі рашэньнямі, агучыўшы ў тым ліку магчымасьць транзыту беларускіх грузаў праз Расею.

Акрамя «абкаткі» новых портаў, Андрэй Рыбакоў удакладніў, як сёлета будзе зьмяняцца цана на паліва для насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падняў стаўкі акцызаў на імпартнае паліва ў чатыры разы. Каго гэта закране? 

«Мы не плянуем мяняць падыход да цэнаўтварэньня, які прайшоў праверку часам і ў асноўным станоўча ўспрыняты насельніцтвам ды бізнэсам. У залежнасьці ад зьменаў кошту нафты з улікам комплекснай ацэнкі дзейнасьці нафтаперапрацоўчых заводаў рух цэнаў будзе адбывацца як у бок павелічэньня, так і зьніжэння — і ня больш за 1 капейкі за 1 літар у тыдзень», — патлумачыў кіраўнік «Белнафтахіму».