Музыкі беларускага дуэта Laudans Андрэй Лугін і Алена Палачанская адбылі па 15 дзён арышту за выступ 20 кастрычніка ў раёне вуліцы Ангарскай у Менску. Яны прэзэнтавалі песьню «Выснова», тэкст якой быў напісаны за кратамі жодзінскага ізалятару, прызналіся музыкі ў апісаньні відэа.
Андрэй Лугін адзначыў, што ў камэры ўсе зьняволеныя былі адной сям’ёй.
«Шмат каму з нас задавалі пытаньне: „Чаго вам не хапае? Якія зьмены вам патрэбны? Дзеля чаго вы выходзіце?“ Я кожны раз думаў, што адказаць адным словам немагчыма. Гэта падобна на тое, як адразу ж адказаць, якая мара ўсяго твайго жыцьця. Калі пісаў гэтую песьню, я змог адказаць сам сабе: «Выкананьне мары не ў яе зьдзяйсьненьні, а ў тым, каб проста быць разам».
Laudans — дуэт Андрэя Лугіна і Алены Палачанскай; грае ў стылях рок, поп і электроннай музыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Набраўся ад людзей неўміручай веры». Ільля Чарапко-Самахвалаў пра свае 15 сутак