Міністэрства ўнутраных справаў абвясьціла тэндэр на куплю навушнікаў за 250 тысяч даляраў

Сілавікі падчас маршу ў Курапаты 1 лістапада ў Менску

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясьціла тэндэр на закупу навушнікаў за 645 тысяч рублёў (каля 250 тысяч даляраў). Гэта будуць бяздротавыя гарнітуры для рацыяў.

Згодна з прыкладзенымі да тэндэру дакумэнтамі, ідзецца пра Bluetooth-гарнітуры да радыёстанцыяў DP4601. Закупка падзелена на тры лоты: тысяча гарнітураў і камплектаў да іх, паведамляе «Эўрарадыё».

Ад гарнітуры патрабуецца праца ў радыюсе ня менш за 10 мэтраў, акумулятар мусіць быць на мінімум 7 гадзін працы.

Заяўкі на ўдзел у дзяржаўным закупе прымаюць да 12 сьнежня. Пры гэтым паставіць усё трэба вельмі хутка — ужо да 20 сьнежня. Якраз на гэтую дату прызначаны так званы «Народны трыбунал», абвешчаны Сьвятланай Ціханоўскай.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня ўлады закуплялі сыстэмы запісу маўленьня, а таксама выдаткоўвалі бюджэтныя грошы на рыхтаваньне апэратараў дронаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыстэмы запісу маўленьня і падрыхтоўка кіроўцаў дронаў. Што цяпер закупляюць сілавыя ведамствы