У Беларусі ў сувязі з пандэміяй на паўгода падоўжаны тэрмін дзеяньня дакумэнтаў

Беларускі пашпарт яшчэ паўгода можна будзе не мяняць.

Такое рашэньне ўхваліў Савет Міністраў.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на паўгода падоўжыў тэрмін дзеяньня даведак і дакумэнтаў, якія канчаюцца ў пэрыяд зь 10 лістапада 2020 году па 10 траўня 2021.

Пералік апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Выдадзеныя фізычным і юрыдычным асобам даведкі і дакумэнты, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца ў пэрыяд зь 10 лістапада 2020 году па 10 траўня 2021-га, будуць сапраўдныя яшчэ шэсьць месяцаў.

Улады вызначылі 190 адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян, для якіх падоўжаць тэрмін дзеяньня выдадзеных даведак і дакумэнтаў.

Сярод іх

  • мэдыцынская даведка аб стане здароўя,
  • даведка для пастаноўкі на ўлік для паляпшэньня жыльлёвых умоў,
  • прызначэньне дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў,
  • пасьведчаньне інваліда,
  • пашпарты,
  • пасьведчаньне на права жыхарства,
  • пропускі на права знаходжаньня ў памежнай паласе,
  • пасьведчаньне кіроўцы і іншыя.

Вызначана 161 адміністрацыйная працэдура для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Пастанова набывае моц з дня афіцыйнага апублікаваньня. Гэта ўжо другое падаўжэньне тэрмінаў дзеяньня дакумэнтаў. Раней на падобныя захады ўлады пайшлі ў траўні, калі падоўжылі дакумэнты на тры месяцы. Такія меры былі прынятыя ў пэрыяд складанай эпідэмічнай абстаноўкі дзеля таго, каб скараціць колькасьць наведваньняў дзяржаўных органаў для афармленьня неабходных дакумэнтаў.