У кватэры былой журналісткі СТВ прайшоў ператрус. На яе завялі крымінальную справу за пратэсты

У колішняй журналісткі СТВ Алены Чарняўскай вечарам 4 сьнежня прайшоў ператрус. Пра гэта яна паведаміла ў «гісторыях» свайго «Інстаграму».

Яна расказала, што мае статус падазраванай у крымінальнай справе за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (342 арт. КК). І спадзяецца, што абвінавачанай ня стане.

Падчас ператрусу нічога не забралі. Чарняўская адзначыла, што сілавікі былі ветлівымі.

Крымінальную справу на яе завялі пасьля затрыманьня на маршы ў Курапаты 1 лістапада. Тады на ўдзельнікаў маршу завялі 321 крымінальную справу. Чарняўская правяла ноч у жодзінскім ізалятары, атрымала штраф і тры дні арышту на Акрэсьціна. У яе забралі тэлефон.

Яна падкрэсьліла, што ўсе гэтыя падзеі ніяк не зьвязаныя зь ейнай былой працы на Сталічнай тэлевізіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 6 гадзін затрымалі дзяўчыну былога сьледчага СК Яўгена Юшкевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хлусьня ў нашай сыстэме існуе гадамі». Звольнілі дырэктара ліцэю, які адмовіўся ўзначаліць выбарчую камісію