Ва Ўкраіне істотна паболела беларусаў, якія зьвяртаюцца па від на жыхарства

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Кіеве

Ва Ўкраіне на падставе сталага віду на жыхарства пражывае 9575 грамадзян Беларусі, а на падставе часовага – 3978.

У 2018 годзе права на сталае пражываньне ва Ўкраіне мелі 9029 беларусаў, а на часовае — 2 314.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе, сёлета толькі са жніўня па лістапад па атрыманьне сталых відаў на жыхарства ў міграцыйныя органы Ўкраіны зьвярнуліся 698 беларусаў, і яшчэ 206 — па часовы від на жыхарства.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 8 грамадзян Беларусі папрасілі ва Ўкраіне статус уцекача, а з пачатку году па абарону да ўкраінскай дзяржавы зьвярнуліся 15 беларусаў.

Згодна з украінскім заканадаўствам права на сталае жыхарства ва Ўкраіне маюць замежнікі і асобы без грамадзянства, якія стала пражывалі на тэрыторыі Ўкраіны ў савецкія часы або імігравалі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі экспэрт: Беларусы і ўкраінцы глядзяць адзін на аднаго скрозь прызму расейскай прапаганды

Від на часовае жыхарства выдаецца толькі на адзін год пры наяўнасьці адпаведных падстаў — запрашэньне на працу, стварэньне сям’і, удзел у статутным капітале камэрцыйнай арганізацыі (ня менш як 100 тысяч эўра), навучаньне, удзел у міжнародных і рэгіянальных валянтэрскіх праграмах, а таксама кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны. Па такі дакумэнт мусяць зьвяртацца і журналісты, каго накіроўваюць ва Ўкраіну працаваць уласным карэспандэнтам замежнага сродку масавай інфармацыі.

Замежныя грамадзяне маюць права стала пражываць на тэрыторыі Ўкраіны яшчэ ў двух выпадках — калі атрымаюць статус уцекача (пасьля трох гадоў пражываньня ў такім статусе замежнік можа зьвярнуцца па атрыманьне грамадзянства Ўкраіны) і дадатковую абарону Ўкраіны (гэты статус не дазваляе зьвяртацца па ўкраінскае грамадзянства).

Аднак, як сьведчыць практыка, такі спосаб легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне надзвычай складаны. У 2018-м статус уцекача ва Ўкраіне атрымалі 18 грамадзян Беларусі, яшчэ 6 — дадатковую абарону Ўкраіны. Прозьвішчаў гэтых грамадзян ніколі не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі, бо яе распаўсюджаньне можа стварыць для іх небясьпеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 краіны з Рады правоў чалавека ААН асудзілі перасьлед журналістаў у Беларусі