Вісконсін і Арызона пацьвердзілі перамогу Байдэна на прэзыдэнціх выбарах

Джо Байдэн

Амэрыканскі штат Вісконсін пасьля частковага пераліку галасоў сэртыфікаваў перамогу Джо Байдэна на выбарах прэзыдэнта ЗША.

Пра гэта 30 лістапада паведаміў губэрнатар штату Тоні Эвэрс. «Сёньня я выканаў свой абавязак у сэртыфікацыі выбараў 3 лістапада, і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону штату і фэдэральнага закону я падпісаў Пасьведчаньне аб зацьвярджэньні сьпісу электараў для абранага прэзыдэнта Джо Байдэна і абранага віцэ-прэзыдэнта Камалы Гарыс», — цытуе заяву Эвэрса «Голас Амэрыкі».

У Вісконсіне кандыдат ад дэмакратаў Байдэн абышоў дзейнага прэзыдэнта рэспубліканца Дональда Трампа на 20 тысяч галасоў выбарнікаў. Пералік, які абышоўся выбарчаму штабу Трампа ў 3 мільёны даляраў, прынёс Байдэну дадаткова больш за 80 галасоў жыхароў штату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 5 тысяч беларускіх хрысьціян падпісалі адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўладаў спыніць гвалт

У штабе Джо Байдэна перамогу ў Вісконсіне назвалі рашучай і сумленнай.

Дональд Трамп ужо паабяцаў зьвярнуцца ў суд, каб дамагчыся адмены выніку. На падачу скаргі адведзены тэрмін у пяць дзён.

Перамогу Джо Байдэна і Камалы Гарыс 30 лістапада сэртыфікавала таксама Арызона. Там разрыў паміж кандыдатамі склаў каля 10 тысяч галасоў. Байдэн стаў толькі другім палітыкам-дэмакратам за 70 гадоў, які выйграў прэзыдэнцкія выбары ў гэтым штаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн прадставіў кандыдатаў на ключавыя пасады ў сфэры дыпляматыі і бясьпекі

Трамп і ягоныя юрысты, не прыводзячы доказаў, сьцьвярджаюць, што на выбарах былі маштабныя фальсыфікацыі. Аднак спробы аспрэчыць вынікі выбараў праз суд аказаліся беспасьпяховымі ў шэрагу іншых штатаў, у тым ліку ў Джорджыі, Мічыгане, Нэвадзе і Пэнсыльваніі.

Для абраньня прэзыдэнтам Злучаных Штатаў кандыдату неабходна набраць 270 галасоў у калегіі электараў. Байдэн па выніках галасаваньня 3 лістапада забясьпечыў сабе 306 такіх галасоў, у Трампа — 232.

На мінулым тыдні Дональд Трамп заявіў, што пакіне Белы дом па заканчэньні тэрміну сваіх паўнамоцтваў, калі галасаваньне калегіі электараў завершыцца на карысьць Джо Байдэна. Яно адбудзецца 14 сьнежня.