У Ватыкане зьявіўся першы ў гісторыі кардынал-афраамэрыканец

Ватыкан, кардыналы чакаюць пачатку набажэнства, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Папа Францішак прызначыў 13 новых кардыналаў. Дзевяцярым зь іх менш за 80 гадоў. Яны змогуць удзельнічаць у выбарах новага кіраўніка рымска-каталіцкай царквы пасьля сыходу Францішка.

Як адзначае «Голас Амэрыкі», сярод новых кардыналаў — першы ў гісторыі афраамэрыканец — Уілтан Грэгары. Яму 72 гады, ён арцыбіскуп Вашынгтону. Сярод новых кардыналаў — першыя ў гісторыі прадстаўнікі Брунэя і Руанды.

У момант абраньня папы Францішка ў 2013 годзе на долю Эўропы прыпадалі 52% кардыналаў, цяпер 41%. Францішак стаў першым пантыфікам лацінаамэрыканскага паходжаньня.