«Каб пісаць культавы раман, ён купіў тут стол». Краязнаўца расказвае, чаму Рагачоў вабіў Караткевіча

Рагачоў. Уладзімер Караткевіч з родзічамі і сябрамі.

«Груша цьвіла апошні год». Хто ня памятае гэтых шчымлівых словаў, якімі пачынаецца культавы раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»! Але ня ўсе ведаюць, што грушу пісьменьнік не прымроіў, а бачыў яе наяве на стромым беразе Дняпра ля вёскі Азярышча пад Рагачовам. Яе такі змыла паводкай, а на тым месцы цяпер ляжыць валун са словамі з «Каласоў…».

Пра месца і ролю Рагачова ў жыцьці і творчасьці Ўладзімера Караткевіча распавядае краязнаўца Андрэй Чарняўскі.

– Уладзімер Караткевіч і Рагачоў. Што іх зьвязвала, спадар Андрэй?

– У Рагачове быў і ёсьць дом дзеда пісьменьніка па маці — Грынкевіча Васіля Юльянавіча. Але Караткевіч прыяжджаў ужо да Ігара Васільевіча Грынкевіча, сына дзеда Васіля. Асабліва часта бываў Караткевіч у Рагачове ў 1960-м, пачатку 1970-га. У тыя часы яшчэ жылі людзі, якія ведалі шмат паданьняў, гісторый, казак. Былі паляўнічымі, рыбаловамі, добра сьпявалі. Ведалі рагачоўскія стравы і напоі! Сярод сяброў дзядзькі, а потым і Караткевіча былі людзі зь мясцовай шляхты, Клятэцкія, Гансоўскія.

У вёсцы Азярышча жыў бакеншчык Васіль Кірэйшын, таксама добры знаёмы пісьменьніка. А з сынам бакеншчыка Мікалаем Кірэйшыным яны сябравалі ўжо ў Менску. Тут яго вабіла вёска зь беларускай мовай і яшчэ жывымі традыцыямі. Гэтыя людзі перажылі некалькі войнаў, зьмены ўладаў, зь імі было пра што гаварыць, а галоўнае — слухаць і запісваць. Вярнуліся ў Рагачоў і некаторыя габрэйскія сем'і, гісторыі якіх можна было слухаць бясконца.

Маці пісьменьніка любіла Рагачоў, Кісьцянёўскі парк… У тыя часы Рагачоў быў невялікім мястэчкам з Дняпром і Друцьцю, старыцамі Дняпра, лугамі, лясамі, вёскі яшчэ жылі…

А кіраўніка паўстаньня 1863-га на Рагачоўшчыне Грыневіча Караткевіч лічыў сваім далёкім продкам. І ў цэлым Рагачоў — старажытны горад, які вабіў пісьменьніка. У людзей, якія жывуць на Дняпры, асаблівыя характары і душа.

Апошні раз Караткевіч наведаў Рагачоў у чэрвені 1984-га, заехаў і ў вёскі, якія былі дарагія яму: Збароў, Кісьцяні, Азярышча… Але настрой пісьменьніка ў той час быў даволі сумны.

Яскрава сьведчыць пра сувязь Караткевіча і Рагачова адзін зь яго аўтографаў: «Дарагому дзядзьку Ігару, майму другому бацьку. Ул. Караткевіч. 15 мая 1981 г.».

Фота друкуецца ўпершыню. Рагачоў. Караткевіч зь сябрам дзядзькі Ігара Грынкевіча

Якія творы былі напісаныя Ўладзімерам Караткевічам у Рагачове? Як адбіліся на іх тамтэйшыя рэаліі?

— Для мяне больш важнае пытаньне, у якіх творах пісьменьніка згадваецца Рагачоў і Рагачоўшчына. Для краязнаўцаў Рагачова неверагодная «Ладзьдзя Роспачы». Там ёсьць сапраўдныя месцы, помнікі гісторыі, падзеі.

Побыт Караткевіча ў Рагачове стаў асновай для зьместу дзявятага разьдзелу яго рамана «Нельга забыць» («Леаніды ня вернуцца да зямлі»). У рамане Караткевіч так дакладна апісаў дуэль, што гэтае месца вельмі лёгка знайсьці і цяпер.

Пачатак рамана «Каласы…» прыйшоў у галаву пісьменьніку 7 жніўня 1959 году ў вёсцы Азярышча пад Рагачовам. Каб працаваць над гэтым творам, пісьменьнік купіў сабе стол у Рагачове.

«Віно дажджоў», «Сівая легенда», «Чазенія», «Зямля дзядоў»… Вершы, сцэнарыі часткова альбо цалкам пісаліся ў дзедавай хаце.

Кніга з дому Ўладзімера Караткевіча ў Рагачове.

— Вы праводзіце экскурсіі па любімых мясьцінах Караткевіча на Рагачоўшчыне? Калі ласка, зрабіце кароткую вандроўку для нашых чытачоў.

— На жаль, экскурсій я не праводжу, бо ў мяне няма ліцэнзіі. Проста для прыхільнікаў творчасьці пісьменьніка раблю сяброўскія вандроўкі. Віртуальная вандроўка не адлюструе той дух, які адчуваеш непасрэдна ў Рагачове. Таму проста пералічу аб’екты, зьвязаныя з Караткевічам і яго творчасьцю:

  • Замкавая гара («Ладзьдзя Роспачы»)
  • месца былой гімназіі (вучылася цётка пісьменьніка Яўгенія Васільеўна)
  • вуліца Зайцава (жылі сябры пісьменьніка, побач былая лазьня, якую наведваў пісьменьнік)
  • старыя могілкі (помнік бабулі Людміле Антонаўне Барысевіч)
  • крыж паўстанцу Грыневічу
  • дом дзядзькі
  • бераг Дняпра на вул. Сядова (запісы зь дзёньніка Караткевіча)
  • вёска Азярышча ( «Каласы...», тут жыла здымачная група, калі рабілі фільм «Будзь шчасьлівая, рака»)
  • Кісьцяні (парк 18–19 стст.)
  • Крыцкія хутары...

Гэта толькі частка месцаў, зьвязаных у нас з Караткевічам.

Фота друкуецца ўпершыню. Фота У. Караткевіча. Дзядзька Ігар (пасярэдзіне).

— А як захоўваецца памяць пра знакамітага пісьменьніка ў Рагачове? Што з ідэяй музэю Караткевіча ў дзедавым доме і з памятным знакам Гервасію Выліваху?

— Цяпер у Рагачове ёсьць вуліца Караткевіча, вялізны Дом кнігі імя Караткевіча, крыж паўстанцу Грыневічу, памятны валун каля дому Караткевіча, у вёсцы Азярышча знак са словамі з «Каласоў…», магіла бабулі. Але самае галоўнае — хата дзядзькі, дзе пісьменьнік працаваў і адпачываў. Там плянуецца музэй. На сёньня афармляецца дакумэнтацыя, каб дом перайшоў ва ўласнасьць гораду. Пра знак Гервасію Выліваху пакуль нічога сказаць не магу… Першапачатковая наша справа — музэй.

— Як зьбіраюцца ў Рагачове адзначыць 90-годзьдзе Караткевіча ўлады і грамадзкасьць?

— У сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй мерапрыемствы перанесеныя ў онлайн. Я ведаю, што здымаўся ролік па мясьцінах, зьвязаных з Караткевічам, будзе онлайн-імпрэза, праводзіліся конкурсы. Трэба сказаць і пра ўнікальную выставу, якая цяпер працуе ў Рагачоўскім музэі. На ёй прадстаўленыя экспанаты з дому Караткевіча: унікальныя фота, лісты, паштоўкі, кнігі, рэчы, стол… Дарэчы, Караткевіч быў да ўсяго і фатографам. Некаторыя ягоныя фота не атрыбутаваныя да сёньня.

— Вы асабіста як ушануеце гэтую дату?

— Абавязкова схаджу да дому на вуліцы Караткевіча, зайду на бераг Дняпра, наведаю выставу. Можа хто далучыцца…

Фота з архіву Андрэя Чарняўскага.