«Будзем дамагацца новых выбараў». Старшынём Партыі БНФ перавыбралі Рыгора Кастусёва

Абраны на другі тэрмін старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У Менску на 20-м зьезьдзе Партыі БНФ выбіраюць новае кіраўніцтва.

На пасаду старшыні балятаваліся дзейны старшыня партыі Рыгор Кастусёў, менскі актывіст партыі Ільля Дабратвор і Васіль Раманаў з Гомля.

Як паведаміў Свабодзе дэлегат зьезду Аляксей Янукевіч, падчас галасаваньня большасьць галасоў атрымаў Кастусёў — 66, за Дабратвора прагаласавалі 18 дэлегатаў, за Раманава — 3.

«Асноўны кірунак нашай працы — адстойваньне сувэрэнітэту нашай краіны, гэта тое, дзеля чаго БНФ ствараўся і што заўжды было галоўным у ягонай працы. Бо пагроза страты незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі ўзрастае з кожным годам і месяцам, нават з кожным днём. І на гэтым зьезд завастрыў сваю ўвагу.

Далей, чым я мушу займацца, гэта выкананьнем рашэньняў сёньняшняга зьезду, гэта і адраджэньне беларускай мовы, і іншыя кірункі працы. І мы павінны настойваць на тым, каб нарэшце пачаліся перамовы апазыцыі ці ў выглядзе Каардынацыйнай рады, ці групы палітычных партый, наконт вызваленьня палітвязьняў, расьсьледаваньня катаваньняў удзельнікаў пратэсту, парушэньняў заканадаўства, у тым ліку выбарчага. Мы будзем таксама дамагацца новых выбараў на працягу нейкага тэрміну. Вось гэтым будзе займацца Партыя БНФ», — сказаў у камэнтары Свабодзе Рыгор Кастусёў.

На намесьнікаў старшыні абраныя Аляксей Янукевіч, Дзьмітры Салошкін, Вадзім Саранчукоў і Юры Меляшкевіч. У Сойм партыі сярод іншых была выбрана Ніна Багінская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ: «Беларусь ня ведала такога маштабу зьверстваў з часоў бальшавіцкага тэрору і нацысцкай акупацыі»

Раней зьезд ухваліў рэзалюцыю аб сытуацыі ў краіне.

Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычна абгрунтаваныя крымінальныя і адміністрацыйныя справы, сказана ў рэзалюцыі, прынятай 7 лістапада ХХ зьездам Партыі БНФ.

«У 2020 годзе беларускі народ, абураны злачыннымі маніпуляцыямі і махлярствам падчас выбарчай кампаніі, выйшаў на вуліцы для дэманстрацыі пратэсту і нязгоды з нахабнымі фальсыфікацыямі. Нягледзячы на тое, што абсалютная большасьць акцый насілі мірны характар, улады кінулі супраць пратэстоўцаў вялізныя сілы МУС і нават войскі, шырока ўжываючы зьбіцьцё, зброю, гумовыя кулі, вадамёты і іншыя спэцсродкі», — адзначаецца ў дакумэнце, які цытуе БелаПАН.