Па ўсёй Беларусі спынілі працу аддзяленьні «Белпошты», няма сувязі з сэрвэрам

Паштамт у Менску. Архіўнае фота.

5 лістапада ў Беларусі са збоямі працуе «Белпошта». Сьведчаньні прыходзяць з розных гарадоў краіны, а ў самой арганізацыі прастой патлумачылі праблемамі з сэрвэрам, піша Tut.by.

Першыя праблемы ў працы паштовых аддзяленьняў зафіксавалі каля 13-й гадзіны.

«Сядзім і нічога ня можам зрабіць. Нават пасылку адшукаць па трэку, калі ў чалавека няма апавяшчэньня, немагчыма», — сказалі журналістам у адным з аддзяленьняў пошты ў Ленінскім раёне Менску.

Людзей перасталі абслугоўваць і ў паштовых пунктах у менскім раёне Серабранка. А ў Маладэчне на пошце ўжо некалькі гадзін не аказваюць ніякіх паслуг, бо «завісла ўся сыстэма». Не працуюць у гэтым горадзе ўсе аддзяленьні паштовай сувязі. Не прымаюцца пасылкі, не дасылаюцца заказныя лісты, немагчыма выканаць і больш простыя апэрацыі.

«Кантакт-цэнтар перагружаны, магчыма доўгае чаканьне адказу спэцыяліста», — прыйшоў аўтаматычны адказ на старонцы «Белпошты» ў фэйсбуку.

У «Белпошце» адмаўляюць магчымасьць кібэратакі, называючы збоі выключна ўнутранай паломкай. Канкрэтныя тэрміны выпраўленьня сытуацыі пакуль невядомыя, але спадзяюцца выправіць усё да закрыцьця паштовых аддзяленьняў.