Супольнасьць «Страна для жизни» запусьціла фонд для дапамогі валянтэрам і актывістам

Сьвятлана ЦІханоўская

Фонд «Страна для жизни» пачаў «пры падтрымцы Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх» дапамагаць валянтэрам і актывістам. Фінансавай падтрымкай забясьпечаць і сем’і зьняволеных, піша тэлеграм-канал фонду.

У фондзе адзначылі, што падтрымліваць будуць ня толькі саміх валянтэраў і актывістаў — сродкі накіруюць таксама іх сем’ям і дзецям, «бо многія дзеці ня бачаць кагосьці з бацькоў ужо некалькі месяцаў».

Ініцыятыва абяцае ўсебаковую дапамогу беларусам, якія апынуліся ў складаным матэрыяльным становішчы ў сувязі з удзелам у пратэставай дзейнасьці супраць дыктатуры. Матэрыяльную дапамогу абяцаюць і для сямей арыштаваных валянтэраў, актывістаў і палітзьняволеных.

Агулам фонд «Страна для жизни» вызначыў пяць кірункаў дапамогі. Гэта

  • грашовая падтрымка валянтэраў, актывістаў і іхных сем'яў,
  • дапамога пры паступленьні ў замежныя ВНУ,
  • візавая падтрымка,
  • перадачы і лісты ў месцы зьняволеньня,
  • аплата штрафаў і паслуг адвакатаў пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі.