Кіраўнік парлямэнту Кіргізстану падаў у адстаўку. Ён хоча стаць прэзыдэнтам

Канат Ісаеў

Кіраўнік парлямэнту Кіргізстану Канат Ісаеў, выступаючы перад дэпутатамі, абвясьціў пра сваю адстаўку ў сувязі з намерам узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца 17 студзеня 2021 году.

Па словах Ісаева, рашэньне вылучыць яго кандыдатам у прэзыдэнты было прынята чальцамі палітычнай партыі «Кіргізстан», лідэрам якой ён зьяўляецца. Абраньне новага кіраўніка кіргіскага парлямэнту адбудзецца «у найбліжэйшы час».

Раней Ісаеў адмовіўся ўзяць на сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пасьля адстаўкі прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Джээнбекава. Ён патлумачыў гэта намерам засяродзіцца на працы ў парлямэнце, у прыватнасьці, на разглядзе законапраектаў, якія тычацца новых выбараў, каб прыняць іх у кароткія тэрміны. Паўнамоцтвы прэзыдэнта Кіргізстану часова перайшлі да прэм’ер-міністра Садыра Джапарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх краінах былога СССР немагчыма перадвызначыць вынікі выбараў, а дзе яны па-ранейшаму прадказальныя

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў заявіў пра сыход у адстаўку 15 кастрычніка — на фоне масавых пратэстаў у краіне пасьля парлямэнцкіх выбараў. Яны прайшлі 4 кастрычніка. Апазыцыя назвала вынікі выбараў сфальсыфікаванымі на карысьць прапрэзыдэнцкіх сіл. Вынікі выбараў былі прызнаныя ЦВК несапраўднымі.