Як на Ўсходніх могілках Менску перапахавалі прах Зьмітрака Бядулі. Фота

Сын Зьмітрака Бядулі Яфім Плаўнік

Эксгумацыя парэшткаў прайшла ва Ўральску ў лютым, прах самалётам даставілі ў Беларусь.

Беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля памёр 3 лістапада 1941 году ў эвакуацыі і быў пахаваны ў казахстанскім горадзе Ўральску. Сын пісьменьніка Яфім Плаўнік расказаў, што было шэсьць спробаў перавезьці прах бацькі на радзіму ў Беларусь, і толькі на сёмы раз гэта ўдалося.

Прычым адбылося гэта дзякуючы намаганьням грамадзкасьці і Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл. Старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандар Сапега, які езьдзіў на эксгумацыю ў Казахстан, ня змог прыехаць са Швайцарыі ў Беларусь на перапахаваньне з прычыны праблем з каранавірусам.

Перапахаваньне парэшткаў Зьмітрака Бядулі на Ўсходніх могілках

Эксгумацыя парэшткаў прайшла ва Ўральску ў лютым, прах самалётам даставілі ў Беларусь, з таго часу ён захоўваўся з бласлаўленьня мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску.

3 лістапада, у 79-ю гадавіну сьмерці пісьменьніка, парэшткі даставілі ў Менск. Шыльды, літары з надмагільля таксама прывезьлі ў Беларусь і перадалі ў філіял Музэю гісторыі беларускай літаратуры — «Беларускую хатку».

Дырэктар Інстытуту літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Іван Саверчанка адзначыў, што яшчэ ў 1980-я гады быў выкананы вялікі праект — выданьне поўнага збору твораў Зьмітрака Бядулі.

«Гэта найвялікшае ўшанаваньне для творчага чалавека, для пісьменьніка гэта найвялікшы помнік на вякі. Збор твораў выдадзены вялікім накладам. Акадэмічныя навукоўцы часта зьвяртаюцца да творчасьці Бядулі. Мае папярэднікі, былыя дырэктары Інстытуту літаратуры — Іван Навуменка і Віктар Каваленка — напісалі асобныя манаграфіі пра Бядулю», — адзначыў Іван Саверчанка.

Сын Зьмітрака Бядулі Яфім Плаўнік

Сын пісьменьніка Яфім Плаўнік падзякаваў энтузіястам, якія шмат зрабілі, каб прах ягонага бацькі вярнуўся на радзіму.

«Гэта атрымалася толькі зь сёмай спробы. Дзякуй усім неабыякавым людзям», — кажа сын пісьменьніка.

На Ўсходніх могілках праваслаўны сьвятар айцец Віктар адслужыў паніхіду, прачытаў малітву на іўрыце рабін Рыгор Абрамовіч.

Пакуль што на магіле паставілі крыж. Пазьней будзе абвешчаны конкурс на помнік. Надпіс на шыльдзе — чамусьці па-расейску.

Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе. Беларускі празаік, паэт, мовазнаўца. Найбольш вядомы апавяданьнямі. Перакладаў на беларускую мовы творы Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнкі. Памёр у 1941 годзе.

Пасярэдзіне — рабін Рыгор Абрамовіч

Алесь Карлюкевіч