Кіраўніцтва Twitter, Google і Facebook адказала на пытаньні Сэнату ЗША пра зьмест публікацый

Кіраўнік Twitter Джэк Дорсі адказвае на пытанні Сената ЗША

Акцыі Alphabet (уладальнік Google), Facebook і Twitter ўпалі на пяць працэнтаў у ходзе слуханьняў у Сэнаце ЗША з удзелам кіраўніцтва кампаній.

Кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг, кіраўнік Twitter Джэк Дорсі і кіраўнік Google Сундар Пічаі выступілі на пасяджэньні камітэту ў справах гандлю Сэнату ЗША.

Слуханьні былі прысьвечаныя абмеркаваньню 230 артыкулу Закону пра этыку ў сфэры камунікацый. Ён вызваляе сацыяльныя сеткі ад адказнасьці за матэрыялы карыстальнікаў. Артыкул таксама абмяжоўвае доступ да непажаданага кантэнту.

Сэнатары хацелі высьветліць, як кампаніі вызначаюць непрыдатны кантэнт і як вызначаецца прыдатнасьць палітычнай рэклямы.

Рэспубліканцы на слуханьнях раскрытыкавалі Twitter з прычыны выдаленьня некаторых запісаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і блякаваньні артыкулу з The New York Post пра сына кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратаў Джо Байдэна. Сэнатар-рэспубліканец Тэд Круз назваў сацыяльныя сеткі самай вялікай пагрозай свабодным выбарам, а Twitter, у прыватнасьці, — найгоршай зь іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў указ аб «барацьбе з цэнзурай» у сацсетках. Твітэр пасьля гэтага схаваў яго пост пра беспарадкі

Сэнатары-дэмакраты заявілі, што слуханьні былі арганізаваныя толькі для таго, каб забясьпечыць перамогу прэзыдэнта Дональда Трампа на маючых адбыцца выбарах.

Цукербэрг, Дорсі і Пічаі распавялі аб умяшаньні Расеі ды Ірану ў выбары ў ЗША. Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка Facebook, прадухіліць расейскае ўмяшаньне можа толькі дзяржава, а не сацыяльная сетка.

Кіраўнікі трох кампаній паабяцалі зрабіць мадэрацыю кантэнту больш празрыстай.

Улады ЗША маюць намер зьмяніць рэгуляваньне сацсетак і ўскласьці на іх адказнасьць за кантэнт. І дэмакраты, і рэспубліканцы лічаць, што сучаснае рэгуляваньне састарэла — кампаніі не выяўляюць дэзінфармацыю і зьвяртаюцца да цэнзуры.