Пазьняк заклікаў, каб нядзельны марш 1 лістапада ішоў у Курапаты

Марш памяці на Дзяды, 2019 год

Традыцыйнага шэсьця на Дзяды ў Курапаты сёлета ня будзе, даведалася Свабода. Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк заклікаў, каб у Курапаты пайшлі ўдзельнікі традыцыйнага нядзельнага маршу.

Штогадовае шэсьце ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя пад кіраўніцтвам Пазьняка. Сёлета, як даведалася Свабода, чальцы партыі заклікаюць 31 кастрычніка ў 10.00 прыйсьці на талаку ў Курапаты, каб прывесьці мэмарыял у парадак.

На сваёй старонцы ў інтэрнэце Пазьняк заклікаў, каб менавіта ў Курапаты накіраваліся ўдзельнікі маршу, якія кожную нядзелю адбываюцца ў Менску.

«1-га лістапада на Дзяды — у Дзень усіх сьвятых і ў Дзень памяці продкаў павінен быць марш памяці ў Курапаты. Цемра мусіць сканаць перад духам тысячаў беларусаў. Ідзеце ў Курапаты на Дзяды! Шануйце памяць, каб мець будучыню», — напісаў Зянон Пазьняк, адкрывальнік праўды пра Курапаты як месца масавых камуністычных рэпрэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сувязь паміж непрызнаньнем рэпрэсій 1937-га і цяперашнім гвалтам сілавікоў відавочная» — У Курапатах пройдзе «Ноч расстраляных паэтаў»