«Я сышоў з пасады — і Лукашэнка сыдзе». Звольнілі рэжысэраў горадзенскага драмтэатру, якія пачалі страйк

Галоўнага рэжысэра драмтэатру ў Горадні Генадзя Мушперта і рэжысэра Сяргея Курыленку звольнілі 27 кастрычніка за невыкананьне працоўных абавязкаў. Перад гэтым яны далучыліся да нацыянальнага страйку.

Загад аб звальненьні ім ужо падпісалі, але працоўныя кніжкі яшчэ ня выдалі. Ранкам 27 кастрычніка абодва напісалі заявы, што далучаюцца да нацыянальнага страйку.

Артысты драмтэатру разьвітваюцца са сваімі рэжысэрамі

Дырэктар Ігар Гедзіч прапанаваў ім звольніцца па ўласным жаданьні, яны адмовіліся.

«Я пачаў сваю працу ў горадзенскім тэатры разам з тым, як спадар Лукашэнка атрымаў уладу. Я вельмі спадзяюся, што я сышоў з пасады, і ён таксама сыдзе», — сказаў Мушперт.

Генадзь Мушперт

Генадзю Мушперту 66, агульны тэатральны стаж 48 гадоў. Сяргею Курыленку 68, на сцэне драмтэатру 40 гадоў.

«Тое, што адбылося ў нядзелю ў Менску, зрабіла маю працу ў тэатры немагчымай. Пры такім становішчы працаваць немагчыма, тым больш рэпетаваць лёгкую камэдыю. Я адчуваю сваю адказнасьць перад тэатрам і таму далучаюся да страйку», — патлумачыў былы галоўны рэжысэр.

Сяргей Курыленка

«Я доўга думаў. Гэта няпростае рашэньне. Я 40 гадоў на гэтай сцэне. На сёньня ўсё», — адказаў Сяргей Курыленка.

Рэжысэры гатовыя вярнуцца ў тэатар, калі будуць выкананыя патрабаваньні народнай забастоўкі. Ніякіх плянаў наконт іншай працы ў будучым у іх няма.

Рэжысэры выносяць свае рэчы

«Гэта наша галоўная справа жыцьця, у адрозьненьне ад дырэктара, для якога гэта толькі кар’ерная прыступка. Я нічым ніколі не займаўся, акрамя тэатру, з 16 гадоў», — патлумачыў Мушперт, з чым сыходзіць з тэатру.

Яны зьбіраюць рэчы. Праводзіць іх прыехалі артысты тэатру, прыехалі калегі з тэатру лялек, гледачы.

Артысты фатаграфуюць на разьвітаньне сваіх рэжысэраў

Як будзе далей працаваць тэатар?

Пакуль няма дакладнага адказу.

«Я працую над гэтым», — адказвае дырэктар на пытаньне артыстаў пра новых рэжысэраў.

Горадзенскі абласны драмтэатар

Ёсьць чатыры спэктаклі, якія артысты могуць граць ужо цяпер без рэжысэраў. Але яны ня хочуць граць камэдыі ў час, калі адбываецца гвалт і несправядлівасьць, шмат людзей цярпіць. Некалькі актораў разважаюць, ці далучыцца да страйку ўсьлед за рэжысэрамі. Яны мяркуюць, што для іх гэта будзе азначаць аўтаматычнае звальненьне. Калі звольняцца гэтыя некалькі артыстаў, тады ўсе іншыя застануцца бяз працы, тэатар цалкам спыніцца, бо ў спэктаклях будзе недахоп людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два рэжысэры горадзенскага тэатру далучыліся да страйку

Што адбывалася перад гэтым

  • 15 жніўня над горадзенскім драмтэатрам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Яго адразу зьнялі, вядуць праверку.
  • 20 верасьня падчас акцыі пратэсту затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і ягоную жонку артыстку Валянціну Харытонаву.
  • Іхнія калегі ў той час ня здолелі дайграць спэктакль.
  • 22 верасьня акторку Лізавету Мілінцэвіч, якая грала ў тым спэктаклі, звольнілі. Пазьней звольнілі Ігара Ўланава, які граў у палове ўсіх спэктакляў тэатру.
  • На сустрэчу з акторамі прыяжджаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік.
  • 23 верасьня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, вечаровы спэктакль адмянілі без тлумачэньня прычынаў.
  • 24 верасьня выявілася, што на спэктаклі 25 і 26 верасьня раскупілі амаль усе білеты ўпершыню за паўгода ад пачатку эпідэміі каранавірусу. Дагэтуль артысты гралі амаль пры пустой залі.
  • 25 верасьня дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч «праз каранавірус» адмяніў усе спэктаклі, нягледзячы на аншляг. Цяпер акторы ходзяць толькі на рэпэтыцыі. Чатырох актораў — Сяргея Курыленку, Валянціну Харытонаву, Васіля Мініча, Натальлю Лявонаву — пазбавіў усіх прэмій і даплат за месяц.
  • Двойчы пасьля гэтага артысты ладзілі творчыя сустрэчы з гледачамі па-за межамі тэатру.
  • Праз тыдзень дырэктар вярнуў паказы спэктакляў.