«Укусіла за сьцягно». На ўдзельніцу жаночага маршу, якую жорстка затрымалі ў тралейбусе, завялі крымінальную справу

Жаночы марш салідарнасьці, Менск, 29 жніўня.

29 жніўня Натальлю Раентаву і яе брата Аляксандра амапаўцы жорстка затрымалі ў тралейбусе. Маладыя людзі былі ўдзельнікамі суботняга жаночага маршу, за што іх пакаралі адміністратыўным арыштам.

Як паведамляе Tut.by, цяпер на Натальлю завялі і крымінальную справу: паводле пракуратуры, жанчына нібыта ўчыніла супраціў пры затрыманьні і ўкусіла супрацоўніка міліцыі за левае сьцягно. Натальля знаходзіцца пад вартай.

Згодна з пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэньні, вечарам 29 жніўня Натальля і Аляксандр Раентавы прынялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу: сабраліся ў загадзя вызначаным месцы і абмяркоўвалі дзейную ўладу і грамадзка-палітычнае жыцьцё — у той дзень у Менску праходзіў жаночы марш. Калі тых, хто сабраўся, пачаў адсякаць АМАП, Натальля і яе брат забеглі ў тралейбус. Праехалі прыпынак, пасьля чаго ў салён забеглі «людзі ў чорным», якія пачалі іх выцягваць.

«Я спалохалася так, што абас******, але мне ўжо было ўсё роўна, — патлумачыла Наталля ў судзе. — Пачала хапацца за поручань, у мяне быў стан шоку. Потым сказалі, што я аказала непадпарадкаваньне. Калі б да мяне падышлі супрацоўнікі ў форме, усё растлумачылі — гэта адно, а людзі ў чорных масках — іншае, гэта вельмі страшна».

Згодна з рапартам камандзіра аддзяленьняў 4-й апэратыўнай роты АМАП Хоміча, байцы ўжылі сілу: за рукі і ногі вынесьлі затрыманых з тралейбуса і даставілі ў службовую машыну. Суд прызначыў і брату, і сястры пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

Затрыманьне Раентавых зьнялі на відэа відавочцы ў тралейбусе, відаць, як пасажыры крычаць і просяць міліцыю выйсьці: «Тут дзеці!», «Што вы робіце!»

Натальлі 29 гадоў, па спэцыяльнасьці яна інжынэр-праграміст. У матэрыялах адміністрацыйнай справы, у тым ліку па факце непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі, пра ўкус сьцягна не згадвалася.

21 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненьні да Натальлі заведзеная крымінальная справа па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, караецца арыштам ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да шасьці гадоў).