«У Францыі спрабуюць зваліць усе свае праблемы на чачэнцаў». Кадыраў пра забойства настаўніка

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

Кіраўнік расейскага рэгіёну Чачні Рамзан Кадыраў заклікаў не завастраць увагу на нацыянальнасьці злачынцы і адначасова назваў паводзіны французаў правакацыйнымі.

«Францускае грамадзтва, кажучы пра дэмакратызм, часта блытае яго з усёдазволенасьцю, дэманстрацыяй недапушчальнага стаўленьня да ісламскіх каштоўнасьцяў», — лічыць кіраўнік Чачні.

Кадыраў прывёў у прыклад публікацыі ў часопісе Chalie Hebdo, якія выклікалі абурэньне сярод мусульманаў і напад на рэдакцыю ў 2015 годзе.

Кіраўнік Чачні абвінаваціў Францыю ў спробе «зваліць» свае праблемы на чачэнцаў і падкрэсьліў, што нацыянальнасьць забойцы тут не пры чым.

Падазраваны ў забойстве амаль усё жыцьцё пражыў у Францыі, рос побач з французамі, камунікаваў, размаўляў і пісаў на іхнай мове, а ў Чачні быў толькі адзін раз у веку 2 гадоў, напісаў Кадыраў. Ён лічыць, што прычынай стала тое, што француская дзяржава ня чуе вернікаў.

Кадыраў асудзіў «гэты тэрарыстычны акт», выказаў «спачуваньні сваякам загінулага» і заклікаў не правакаваць вернікаў.

16 кастрычніка 18-гадовы ўраджэнец Масквы перарэзаў горла выкладчыку францускага каледжу за тое, што ён паказаў на ўроку гісторыі карыкатуры на прарока Мухамада з Charlie Hebdo. Здарэньне адбылося ў 30-тысячным горадзе Канфлян-Сэнт-Анарын непадалёк ад Парыжу. Нападніка падчас затрыманьня застрэліла паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі ўраджэнца Масквы падазраюць у забойстве выкладчыка, які паказаў карыкатуры на прарока Мухамада