Жаночыя маршы адбываюцца і ў ЗША: якая праблема вывела іх на вуліцы

Эмі Коні Барэт

У амэрыканскіх гарадах праходзяць акцыі прыхільніц і праціўніц зацьвярджэньня Эмі Коні Барэт на пасаду вярхоўнай судзьдзі.

Левыя палітыкі пратэстуюць супраць вылучэньня ў Вярхоўны суд кансэрватыўнай судзьдзі Эмі Коні Барэт. Яна, у адпаведнасьці з плянамі рэспубліканцаў, павінна заняць месца памерлай судзьдзі Рут Гінзбург, якая займала лібэральную пазыцыю ў вышэйшым судовым органе краіны.

Акцыю контрпратэсту арганізаваў кансэрватыўны Форум незалежных жанчын. Мітынг пад дэвізам «Я разам зь ёй» падтрымлівае зацьвярджэньне Барэт.

Плянаванае рэспубліканцамі зацьвярджэньне кандыдатуры Барэт павінна адбыцца ў Сэнаце ЗША на наступным тыдні. У выніку ў Вярхоўным судзе складзецца кансэрватыўная большасьць – шэсьць судзьдзяў-кансэрватараў супраць трох лібэралаў. Дэмакраты занепакоеныя тым, што Барэт можа прагаласаваць за адмену пастановы суду, якая замацавала на фэдэральным узроўні права жанчын на аборты.