Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Расеі ў сувязі з атручэньнем Навальнага. Сьпіс чыноўнікаў

Уладзімір Пуцін і Сяргей Кірыленка

Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць шасьці расейскіх чыноўнікаў і адной арганізацыі ў сувязі з атручэньнем апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Рашэньне і санкцыйны сьпіс апублікаваў афіцыйны бюлетэнь ЭЗ.

У сьпіс увайшлі дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і былы прэм’ер-міністар Сяргей Кірыенка, кіраўнік дэпартамэнту ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Ярын, два намесьнікі міністра абароны і прадстаўнік прэзыдэнта ў Сібірскай фэдэральнай акрузе Сяргей Мяняйла.

Усім гэтым людзям будзе забаронена ўяжджаць у Эўразьвяз з турыстычнымі мэтамі, іхныя актывы ў ЭЗ, калі яны існуюць, будуць замарожаныя. Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам ЭЗ забаронена мець зь людзьмі з санкцыйнага сьпісу фінансавыя дачыненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны расказаў, колькі каштавала яго лячэньне ў Нямеччыне і хто яго аплаціў

Прадстаўнікі ЭЗ лічаць, што асобы з санкцыйнага сьпісу маглі ведаць аб атручэньні або наўпрост удзельнічаць у яго рыхтаваньні.

Тое, што Навальны быў атручаны распрацаваным у СССР і Расеі баявым атрутным рэчывам «Новичок», пацьвердзілі лябараторыі ў некалькіх краінах ЭЗ, а таксама экспэрты Арганізацыі забароны хімічнай зброі.

У сераду кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква «адкажа люстэркава» на санкцыі ЭЗ.

Улады Расеі сьцьвярджаюць, што ў іх няма доказаў таго, што замах на Навальнага сапраўды адбыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз працягнуў санкцыі супраць Расеі за прымяненьне хімічнай зброі